Дрыгула

Дрыгула (2009)

У гэтым альбоме − танцавальная музыка ад Позняга Сярэднявечча да ранняга барока, занатаваная ў Вялікім Княстве Літоўскім (зборнік “Полацкі сшытак”) і краінах Заходняй Еўропы. Пры выкананні гэтых твораў выкарыстаны інструменты, адпаведныя свайму часу.

На вокладцы выкарыстаны часткі беларускага касцельнага твору “Пляскі смерці” XVII ст., які захоўваецца ў музеі кляштара брэгітак у Гародні. Здымак зроблены фотамастаком З. Герасімовічам.

“Полацкі сшытак” − зборнік барочнай музыкі (навуковыя назвы “Астрамечаўскі рукапіс” ці “Рукапіс 127/56 Ягелонскай бібліятэкі”, сучасная архіўная сігнатура 10002). Пасля вайны з нямецкіх запаснікаў у Польшчу трапіў беларускі ўніяцкі служэбнік, які ў 1956 г. паступіў у Бібліятэку Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў). У вокладку гэтага служэбніка быў уклеены нотны рукапіс, які ў 1962 г. знайшоў беларускі прафесар Адам Мальдзіс. Даследаваў рукапіс польскі музыказнаўца Ежы Голас. З таго часу Е. Голас фігуруе ў энцыклапедыях як афіцыйны адкрывальнік рукапіса. Рукапіс быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, але належаў полацкаму біскупу, таму атрымаў назву “Полацкі сшытак”. У наш час творы з “Полацкага сшытка” трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў.

Валянцін Бакфарк (Valentin Bakfark, 1506−1576) − лютніст і кампазітар венгерскага паходжання. Жывучы ў Вільні, стаў адным з самых славутых віртуозаў-лютністаў эпохі Рэнесансу, стваральнікам прынцыпова новай тэхнікі ігры на інструменце, заснаванай на выкарыстанні дасягненняў вакальнай паліфоніі. Валянцін Бакфарк − аўтар танца Galiarda (7).

Адрыян ле Рой (Adrian le Roy, 1520−1598) − французскі лютніст, кампазітар і выдавец. Выдаў некалькі зборнікаў, у тым ліку 3 уласныя, а таксама зборнікі табулатур для гітары і цыстры, дзе былі змешчаны паваны, гальярды, алеманды, бранлі, "tourdious", а таксама шансоны і фантазіі. Адрыян ле Рой − аўтар танца Pasamezzo (5).

Bransle les Lavandieres, La brosse, Trotto (2, 4, 9) — танцы заходнееўрапейскага паходжання. Танец Drumul Draculi (13) — паходзіць з Венгрыі.

    •  
      Drygula*
    •  
      Bransle les Lavandieres
    •  
      Fatalija Blazienska*
    •  
      La brosse
    •  
      Pasamezzo
    •  
      Taniec*
    •  
      Gaĺjarda
    •  
      Pagamoszka*
    •  
      Trotto
    •  
      Niemiec*
    •  
      Taniec*
    •  
      Witany*
    •  
      Drumul Draculi
       * - "Полацкі сшытак"

Падзялiцца:
Набыць: