Гурт

Стары Ольса – гурт сярэднявечнай беларускай музыкі, існуе з 1999 г., стваральнік і кіраўнік – Зміцер Сасноўскі. Склад – 6 чалавек. Назва паходзіць ад ручая ў заходняй Магілёўшчыне.

У рэпертуары беларускія народныя балады і ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесансу, кампазіцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі ("Полацкі сшытак", "Віленскі сшытак"), беларускія канты ХVI − пачатку XVII стагоддзяў, а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесансу. Гурт супрацоўнічае з рыцарскімі клубамі, музеямі, даследчыцкімі цэнтрамі, майстрамі старадаўніх інструментаў, з гуртамі старадаўняй музыкі і асобнымі выканаўцамі на старых інструментах, а таксама з рознымі тэатрамі агню.

Музыка гурта дазваляе аднавіць гучанне многіх забытых інструментаў. Для выканання выкарыстоўваюцца максімальна дакладныя (па выглядзе, тэхналогіі і матэрыялах) копіі даўніх беларускіх інструментаў: дуды (валынкі), ліры, гусляў, жалейкі, варгана, акарыны, сурмы, берасцяной трубы, гудка, барабана.

Мэта – найбольш поўная (па магчымасці) рэканструкцыя музычных традыцый Вялікага Княства Літоўскага, асноўнай культурнай і геапалітычнай часткай якога ў XIII−XVIII стагоддзях была Беларусь. У Вялікім Княстве Літоўскім быў створаны ўнікальны сінтэз беларускай народнай і прыдворнай музыкі з еўрапейскімі музычнымі дасягненнямі. Дзеля адраджэння гэтай культурнай асаблівасці ўдзельнікі гурта спалучаюць гучанне старажытных беларускіх інструментаў і агульнаеўрапейскіх сярэднявечных інструментаў: лютні, рэбека, цыстры, флейты, трумшайту, арабскага барабана.

Акрамя ўласных сольных канцэртаў, гурт выступае на фестывалях сярэднявечнай культуры, рыцарскіх турнірах, фальклорных фестывалях Беларусі, усходняй і заходняй Еўропы, ЗША.

Выдадзены 10 студыйных альбомаў, 3 канцэртных і 1 музычны аўдыаспектакль. Музыка гурта ўвайшла ў 7 зборнікаў старадаўняй музыкі.