Флейты

Флейта (сапілка) – від папярэчнай флейты ў выглядзе прамой трубкі, свістка, з 8-мю ігравымі адтулінамі звонку і 2-ма – з тыльнага боку.
Флейтавыя інструменты вядомыя ў Беларусі з ІІ тысячагоддзя да нашай эры ‒ яны рабіліся з костак. У часы першых княстваў (IX – XII стст.) мясцовыя традыцыі пачалі спалучацца з пазычанымі ў Візантыі. Менавіта Візантыя была ўзорам музычнага і духоўнага аздаблення княскага асяроддзя. З пачаткам войнаў з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, а таксама праз унію з Польшчай на нашыя землі пачалі трапляць заходнееўрапейскія інструменты праз прыезжых камерных музыкаў, а таксма праз вандроўныя еўрапейскія тэатры. Эпоха Рэнесансу прынесла моду на італьянскія капэлы, дзе поруч са смычковымі інструментамі вялікую ролю адыгрывалі флейты. У часы барока ордэн езуітаў арганізаваў пры касцёлах вялізарную колькасць камерных ансамбляў, дзе актыўна выкарыстоўваліся флейтавыя. У эпоху класіцызму (ХVIII ст.) на тэрыторыі Беларусі працавала 27 паўнавартасных сімфанічных аркестраў, не кажучы пра безліч гарадскіх, шляхецкіх і касцёльных камерных капэл. І флейты былі неадлучнай складаючай як лірычных, так і драматычных, урачыстых, трагічных частак сімфоній і опер. У народнай музыцы і ў вандроўных тэатрах флейты-дудачкі заўжды былі сімвалам нястрымана-забаўляльнай весялосці.

Гурт "Стары Ольса" выкарыстоўвае розныя па сваёй цесітуры варыянты сапілак: сапраніна, сапрана, альт, ценар.

Фрэска XVII – XVIII стст. Фарнага касцёла Божага цела ў Нясвіжы.

Беларускі абраз "Багародзіца з хорам анёлаў", XV ст.