Перкусія

Званочак — ударны музычны інструмент з вызначанай вышынёй гучання. Інструмент валодае светлым звонкім тэмбрам у дынамічным адценні піана і бліскучым, яркім — у фортэ.

Бразготкі — невялікія металічныя званочкі; уяўляюць сабой полыя шарыкі з маленькім суцэльным шарыкам (некалькімі шарыкамі) унутры. Фіксуюцца на драўлянай ручцы.

Талеркі — ударна-перкусійны інструмент з нявызначанай вышынёй гучання. Вядомыя з даўніх часоў, сустракаліся ў Арменіі (VII ст. да н. э.), Кітаі, Індыі, пазней у Грэцыі і Турцыі. Паводле іканаграфічных крыніцаў, вядомыя на Беларусі з ХVІ ст.

Кломпы — традыцыйныя галандскія драўляныя башмакі. Звычайна выкарыстоўваліся ў якасці ахоўнага абутку. Гурт "Стары Ольса" выкарыстоўвае ў якасці ўдарнага рытмічнага музычнага інструмента. Кломпы даюць сухі, звонкі і дакладны гук.

Гонг — ударна-перкусійны інструмент у выглядзе плоскай мядзянай ці бронзавай пласціны, падвешанай за 1 ці 2 пятлі, па якой білі калатушкай ці рукой. Паводле іканаграфічных крыніцаў, вядомы на Беларусі з ХVІ ст.

Cпявак з ручным гонгам на фрагменце мініяцюры "Давыд грае, пісцы пішуць, а народ трубіць", Тлумачальны Псалтыр першай паловы ХVІ ст. "віленскай школы"

Бес з ручным гонгам на фрагменце мініяцюры Радзівілаўскага летапісу "Ігрышчы бесаў у келлі манаха Ісакія" ХV − ХVІ стст.