Два крукі

“Два крукі” – жартоўная студэнцкая песня, папулярная ў многіх краінах Еўропы ў XV-XV стст. У песні высмейваюцца рыцары, іх прывязанасць да радавітасці і гербаў, прага да ўлады, да славы і грошай. Песня была папулярная ў Польшчы і ВКЛ як частка студэнцкага застольнага фальклору. Беларускі варыянт не захаваўся, для аднаўлення яго тэкста выкарыстаны польскі і нямецкі варыянты. Музыка песні адноўлена на падставе беларускіх народных мелодый. Аднаўленне музыкі і тэкста З.Сасноўскага. 

1. На галінцы два крукі
Каркалі паціху,
Што жывецца добра ім
Без турбот і ліха

2. Пад галінкай рыцар спаў
З галавой прабітай,
Герб ягоны зарастаў
Траўкай сакавітай.

3. Запытаўся першы крук:
«Гонар — што такое?»
А другі: «Глядзі, вось тут
Цела нежывое».

4. Запытаўся першы крук:
«Сквапнасць — што такое?»
А другі: «Глядзі, вось тут
Золата і зброя».

5. Запытаўся першы крук:
«Голад — што такое?»
А другі: «Яго ж няма!
Бо рыцараў даволі».

6. Прагнуць людзі ўсе вякі
Золата да столі
Галадаць жа мы, крукі,
Не будзем ніколі.




Падзялiцца: