Клецкая бітва 1506 г.

Вершаваная аповесць 1582 г.
Словы Мацея Стрыйкоўскага ("Хроніка Польская, Літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі" (1582), пераклад з польскай мовы А.Дзітрыха, музыка народная – са зборніка БНТ Балады (Кн. 1. Мн., 1977). У "Хроніцы" М. Стрыйкоўскага назва гучыць як "Слаўная бітва з татарамі пад Клецкам". Адаптацыя тэкста да мелодыі выканана З.Сасноўскім.
Мацей Стрыйкоўскі (1547 – 1593) – адзін з найбольш вядомых гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст. Аўтар патрыятычных вершаваных твораў па гісторыі Рэчы Паспалітай. Найбольшую славу як гісторыку і паэту прынесла "Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсяе Русі" – першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Каштоўнасць "Хронікі" ў тым, што яе аўтар з’яўляўся відавочцам многіх апісаных ім войнаў і асабістым удзельнікам многіх бітваў.

1. Там за рэчкай, за ракой// не дужа глыбокай
Ды нямала ў берагах// ў берагах шырокай

2. Войска лютае татар// пачало спыняцца
Каб літве пашкодзіць// да ракі прабрацца

3. Міхал Глінскі бачыў// мост ужо гатовы
Да літвы прамовіў// гэтакія словы:

4. “Каб Айчыну-маці// мужна ратавалі
Ды татараў лютых// мужна ваявалі!”

5. Нашы як ударылі// раптам на татараў
Звон і гром нясецца// неба ліецца жарам

6. Там з атрадам Глінскі// ўласным прытаіўся
Ад падстрэлу другі конь// пад ім заваліўся

7. Ён на іншага ўскачыў// не зважаў ні мала
Так як гетману і ўсім// рыцарам прыстала

8. Там паганцаў навакол// хутка акружылі
Ды як пруцце шэрагам// шэрагам зкасілі

9. Прэч татары пабеглі// хто як уцякае
А літва імчыцца ўслед// смела даганяе

10. Ды сячэ ў хрыбты ім б’е// дзіды запускае
Кроў хлюпоча, ліецца// па траве сплывае

11. Гук і крык над полем// па лясных разлогах
Поўна трупаў у рацэ// па шляхах-дарогах

12. Так Літва татараў// біла мардавала
Аж да Цапры да ракі// да ракі загнала