Пахвала Вітаўту

Панегірычны твор 1430 г.
Словы ананімнага аўтара XV ст., тэкст паводле летапісу Рачынскага ("Полное собрание русских летописей", Т. 35), музыка народная – са зборніка БНТ Балады (Кн. 1. Мн., 1977). Тэкст перададзены гурту "Стары Ольса" гісторыкам Эдвардам Зайкоўскім. Твор выкананы ў скарочаным адаптаваным выглядзе. Транскрыпцыя беларускай фанетыкі праз напісанне і адаптацыя тэкста да мелодыі выканана З.Сасноўскім.
"Пахвала Вітаўту" – помнік беларускай панегірычнай прозы XV ст., які быў створаны ў 1430 г. у Смаленску ў асяроддзі мясцовага епіскапа Герасіма. Пахвала напісана ў той час, калі яе галоўны герой быў у зеніце славы і нават збіраўся прымераць каралеўскую карону. У творы ўслаўляецца князь Вітаўт як мудры, усемагутны, з вялікім міжнародным аўтарытэтам валадар, сцвярджаецца погляд на ВКЛ як на галоўны цэнтр аб’яднання ўсходнееўрапейскіх земляў. Ідэйна-творчыя задачы, якія стаялі перад аўтарам, прадвызначылі змест і характар выкладу, урачыста-узнёслы стыль, прыкметную кніжна-славянскую афарбоўку мовы.

1. Князь вялікі Вітаўт
Вітаўт княства дзержаў
Літоўскае і Рускае
І іныя землі многіе
7. І у Луцку Вітаўт
Тыя госці частаваў
Дараваў размаітымі
Дарамі каштоўнымі

2. У той час Вітаўт прызваў 
Вітаўт к себе прызваў
Караля Якгейла Польскага
Ды і Цэзара Рымскага

8. Веліка гаспадара
Вітаўта слаўнага
Іж не можэць выпісаці
І о дарэх і о чэсці

3. І князя маскоўскага
Караля угерскага
Князя велікага цверскага
І паслы князя рэзанскага

9. Землі на вастоцэ
Або і на западзе
Кланяліся землі князю
Велікаму князю Вітаўту

4. Містра прускага
Прускага інфлянскага
І паслы ад іншыя землі 
Ды вялікія паслы былі

10.Ды цары турэцкі
І царагародскі
Былі ў ласцэ з Вітаўтам
З сільным ды гаспадарам

5. І ардынскія паслы
Влахаў ваеводы
Ад Вяліка Новагорада
І прыйшлі паслы ад Пскова

11.Каралеўства Чэскае
Ўгорскае і Польскае
Тэж дзержалі чэсць вяліку
Слаўну гаспадару Вітаўту

6. І ўсі тыя госці
Ў князя мешкалі
Тагды Цэзар Рымскі
З Вітаўтам у міласці былі

12.І быў Вітаўт сільны
Па ўсім землям слаўны
І цары і многія князі
У двару его служылі