Прысвячэнне рыцару А.Рымшу

Пенегірычны твор 1585 г.
Словы Яна Казаквовіча. Гэты верш-прысвячэнне Я. Казаковіча надрукаваны сярод тытулаў "Дзесяцігадовай аповесці" А. Рымшы (1585 г.) з подпісам "Аўтару шчыры сябра". Пераклад з польскай мовы А.Дзітрыха. Музыка з "Полацкага сшытку" (кан. XVI – сяр. XVII ст.). Адаптацыя тэкста да музыкі І. Кубліцкага.
Ян Казаковіч (Козак) Літвін – польскі паэт і перакладчык, адзін з самых пладавітых віленскіх паэтаў канца XVI — пачатак XVII стст., добры сябра А. Рымшы.
"Полацкі сшытак" (іншыя назвы – "Астрамечаўскі рукапіс", "Рукапіс Ягелонскай бібліятэкі 127/56") – зборнік вакальна-інструментальнай свецкай і касцёльнай музыкі, утрымлівае музычныя творы перыяду 1596 – 1680 гг., захоўваецца ў бібліятэцы Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэту. Самы вядомы музычны помнік бытавой музыкі ВКЛ XVII ст. Паводле апошніх даследванняў, гэты зборнік складзены ў кляштары ў Астрамечаве пад Брэстам. У асабістай размове прафесар Адам Мальдзіс заклікаў папулярызаваць навукова карэктную назву – "Астрамечаўскі рукапіс".

Бог табе, Андрэю, хай ва ўсім спрыяе,
Бо твая навука і мяне займае;

Неба ты праславіў собскім парываннем
І зямлі слугуеш праз кніжок выданне:

Апісаў надвор’е, пра яго выкруты,
Што нясе і студзень, а за ім і люты,

Між сабой планеты войны як заводзяць,
І людзям галовы болем лютым зводзяць.

Дзесьці ты гарцуеш між палкоў літоўскіх:
Апяваеш бітвы з ворагам маскоўскім,

І як Марс галодны сыціцца крывёю,
І войскі разводзіць у бакі між бою.

Юным ты бяссмерця чыніш напамінак,
Старшым даспадобы гэтакі ўчынак,

Тое паміж гетманаў сёння заўважаем.
Будзьма, вершам пана мы не пагарджаем.



Падзялiцца: