Рыцар Байда

Народная балада XVI ст.
Словы і музыка народныя. Словы паводле А. Рыпінскага (Bialorus. Paryz, 1840), музыка – са зборніка БНТ Сацыяльна-бытавыя песні (Мн., 1987).
А. Рыпінскі і сучасныя даследчыкі лічаць, што прататыпам рыцара Байды паслужыў гетман ВКЛ Дзмітры Вішнявецкі (Украінська народна поэтична творчість. Київ, 1958. Т.1). Паводле польскай Хронікі Марціна Бельскага XVI ст.) Д. Вішнявецкі вызначыўся ў сярэдзіне XVI ст. удалымі паходамі на туркаў. Пасля ён трапіў у палон і прыняў пакутніцкую смерць – па загаду турэцкага султана быў павешаны за рабро на жалезны гак. Л. Салавей лічыць, што гэтыя падзеі і натхнілі невядомага народнага аўтара на стварэнне балады "Рыцар Байда" (Пазаабрадавая паэзія. Мн., 2002).
Вядома некаторая колькасць украінскіх варыянтаў балады, якія захоўваюць падабенства сюжэту з беларускім варыянтамі. Цікава, што і ва ўкраінскім варыянце падзеі на пачатку разгортваюцца ў беларускім "Бярэстачку" (Брэсце).
Прывязка да рэальнай гістарычнай асобы дазваляе датаваць баладу XVI ст.

1. Дай у Слуцку на рыночку,
Да піў Байда гарэлочку;
Цар турэцкі да наяжджае,
Байду млодага намаўляе:

2. “Ой ты Байда маладзюсенькі!
З цябе ж рыцар да слаўнюсенькі:
Будзіш панам ты гаспадарам!
Вазьмі маю дачку царэўначку!”

3. “Да твая ж дачка паганачка!
Яе ж вера да праклятая!…”
Крыкнуў цар тут на сваі служкі,
На сваі служкі вярнюсенькі:

4. “Ой! вазьміце ж Байду да й звяжыце,
На гак рэбрам перачапіце!”
Вісіць Байда, ні дзень ні дзень - ні два,
Ні адну ночку - ні гадзіночку!…

5. На дзень трэці праглядае.
Свайму цюру прамаўляе:
“Ой! ты цюра ты вярнюсенькі,
Падай ты лучок тугусенькі!”

6. Трафіў цара пасярод лаба
А царыцу у патыліцу;
Вота ж табе турэцкаму цару
Да за слаўнага рыцара кару!

7. Лучшэ цар табе было галаву
Галаву с плеч Байдавых зняці;
І па Байдавай рыцара смерці
Ды з гармат ды з гармат страляці!





Падзялiцца: