Рыцарства ўсё сышлося

Словы Андрэя Рымшы з паэмы "Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла”. Аповесць выдадзена ў 1585 г. у Вільні, апісаныя ў ёй падзеі адбываюцца ў 1580 г. Пераклад з польскай мовы выкананы А. Дзітрыхам і ласкава перададзены гурту "Стары Ольса". Пераклад паводле: Andrzej Rymsza. Dziesięćroczna powieść wojennych spraw// Archiwum Literackie, 4. Miscellanea Staropolskie. T. XVI. Warszawa, 1972. Музыка з нотнага зборніка "Piesni Chwal Boskich" Яна Зарэмбы 1558 г. Адаптацыя тэкста да мелодыі выканана З.Сасноўскім.
Андрэй Рымша (каля 1550 – пасля 1595) – вядомы беларускі паэт, пісаў па-старабеларуску і па-польску, заснавальнік у беларускай літаратуры жанру "эпікграм", прафесійны ваенны, удзельнічаў у многіх бітвах і паходах.
"Песні хвал Боскіх" (іншая назва "Брэсцкі канцыянал") – першы друкаваны нотны зборнік не толькі на Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. "Брэсцкі канцыянал" выдадзены пры фундацыі Радзівілаў у Брэсце ў 1558 г. (перавыдадзены ў Нясвіжы і Вільні). Пра аўтарытэт і папулярнасць "Брэсцкага канцыянала" кажа тое, што 38 песень з яго ўвайшлі ў "Дадатак" да "Кракаўскага канцыянала" 1559 г.

Рыцарства ўсё сышлося слаўнае залатое
Да князя Радзівіла ў Селішча Ямское

Дым ужо за агнішчам ўгору слупом нясецца
Кроў ужо маскавітаў струмянём ліецца

Тры пасткі па ўзлессі ворагі прыхавалі
Скеміўшы тое літвіны з коней пассядалі

Ворагаў у засадах, гэтых ды парубілі
Як свіней калолі, у балоце тапілі.

Але ж наперад паімчаў, гуф літоўскі лепшы
Трапіў у пастку да стральцоў, да стральцоў пярвейшых

Дружныя залпы стральцы, па літвінах пусцілі
Потым нашых вершнікаў на канях парубілі.

Палеглі слаўны рыцары, Зянкевіч ды Ціхінскі
Быў жа яшчэ забіты там, рыцар Ян Тымінскі

Ўсе яны служылі ў Ёрдановай роце
Доўг свой Айчыне аддалі рыцарскі ў годнай цноце

Многія князя рыцары праз ворага падманы
Зведалі ран крывавых, цяжкія мелі раны.

Ды Радзівіла слугі, раны ператрывалі
За кроў забітых літвінаў ворага пакаралі

Шмат хто у бітве з ворагаў там галавы пазбыўся
Ці пад ударам дзіды навек угаманіўся

Секлі баярскія ілбы, секлі і білі многа
Там жа вязалі у палон маскаля ліхога.

Гетман аплакаў палеглых, годна іх пахаваўшы
Славу героям навякі, гонар ім абяцаўшы

Рыцараў ды герояў, войска суправаджала,
Славаю іх апошні шлях годна аздабляла.

Гетман зноў загадаў трубіць, коней зноў асядлаці
Прагне ў сечы лютай зноў маскоўца спаткаці.