Вада, хмель і солад

“Вада, хмель і солад” – застольная нямецкая песня XVІ ст. (цыкл песняў у гонар піва). У аснове – распаўсюджаны ў многіх сярэднявечных песнях матыў пра тое, што піва і іншыя напоі ўжываюць усе саслоўі, усе народы, усе ўзросты, людзі рознай адукацыі і розных полаў. Самы блізкі варыянт – папулярная застольная песня “In taberna”. У песні акцэнтуецца ўвага на трох інгрэдыентах сапраўднага піва – вады, хмеля і соладу. Музыка і пераклад тэксту З.Сасноўскага. 

1. П’юць піва мястэчкі,
П’юць піва і вёскі,
І паньства статэчна,
І люд вельмі просты,
П’е піва і худы,
П’е піва і тлусты,
І дзед сіваброды,
І хлопак бязвусы.

Прыпеў: І з куфляў у страўнікі
Ллецца вясёла
Напой старадаўні
Вада, хмель і солад.

2. П’юць піва краіны,
П’юць піва народы,
І граф пры каміне,
І злодзей бязродны,
П’юць піва паненкі,
П’юць піва панове
За талер старэнькі
І за злоты новы.

Прыпеў

3. П’е піва епіскап,
П’е піва бязбожнік,
Прафесар за кніжкай,
Шкаляр-падарожнік,
П’юць піва сяляне,
П’юць піва рыцэжы,
Цыгане ў стане,
Татары на межах.

Прыпеў




Падзялiцца: