Навіны
23.11.2013

Стары Ольса нагадаў гамельчукам пра іх вялікалітвінскае мінулае

У гомельскім гарадскім цэнтры культуры адбылася прэзентацыя новага альбома знакамітага далёка за межамі Беларусі гурта “Стары Ольса”.

Новы дыск «Santa Maria» складзены з кампазіцый зборніка сярэднявечнай музыкі “Полацкі сшытак”. Гурт традыцыйна выступае ў нацыянальных сярэднявечных строях і грае выключна на максімальна дакладна рэканструяваных сярэднявечных інструментах. Гамельчукі пачулі як новыя кампазіцыі, так і хіты “У карчме”, або “Бітва пад Воршай”.

Падчас канцэрта лідар гурта Зміцер Сасноўскі (гамяльчук па паходжанні) запаўняў паўзы між кампазіцыямі аповедамі пра славутае мінулае беларусаў-літвінаў, пра слынныя перамогі літвінскай зброі, традыцыі і нораў сярэднявечных беларусаў. Зміцер наракаў на гістарычны сорам беларусаў, якія аддаюць сваю славу палякам, літоўцам (тагачасным жамойтам), украінцам.

Амаль поўная зала выклікала ўлюбёных музыкаў “на біс”, пасля канцэрта адбылася аўтограф-сэсія з музыкамі.

Тэкст і фота:kli4nik.info