Унікальная батлейка "Дукорскага маёнтка"

Унікальная батлейка "Дукорскага маёнтка"

У Гістарычным музеі “Дукорскага маёнтка” рэканструяваная ўнікальная традыцыйная батлейка XVI стагоддзя, дзе адбылася прэм'ера першага спектакля!

Ініцыятыва стварэння належыць кіраўніку гурта сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” Змітру Сасноўскаму і арт-дырэктару "Дукорскага маёнтка" Андрэю Захаранку.

Батлейка — беларускі народны лялечны тэатр. Зараджэнне яго ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст., а ўзнікненне звязанае з каляднымі святамі (адсюль і назва: Віфлеем — месца нараджэння Хрыста). На тэрыторыю Беларусі батлейка трапіла з Польшчы і Украіны і атрымала распаўсюд з XVI стагоддзя. Па рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр роднасны ўкраінскаму вяртэпу і польскай шопцы, а ўсе яны разам генетычна ўзыходзяць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі мяшчане і сяляне, і тэатр стаў народным.

“Дукорская батлейка — гэта рэканструкцыя батлейкавага тэатра беларускіх шляхецкіх маёнткаў з традыцыйным спектаклем “У Бэтлееме" (іншыя назвы — “Раство Хрыстова”, “Цар Ірад”), — кажа рэжысёр, дыктар і музыка Дукорскай батлейкі Зміцер Сасноўскі (кіраўнік гурта “Стары Ольса” і загадчык Гістарычнага музея “Дукорскага маёнтка”). — Корпус скрыні складаецца з чатырох ярусаў: пекла з ілюстрацыяй Чыстца, мірское жыццё, дзе разгортваецца большасць падзей, ярус “Святая сямейка” з хлеўчуком, дзе нарадзіўся Ісус, а таксама верхні, нябесны ярус, дзе размешчаныя фігуркі святых і Віфлеемская зорка. Адпаведна традыцыі лялькі выразаныя з дрэва, і большасць дэкарацый — таксама з натуральных матэрыялаў. Мастаком выступіла выпускніца Беларускага педагагічнага ўніверсітэта Вольга Верашчака. Ёй належыць роспіс лялек і стварэнне дэкарацый. Батлейкавая скрыня зробленая са старой шафы з маёй калекцыі рэтра-мэблі”.








У спектаклі ўжывую гучаць старыя беларускія інструменты: гуслі, колавая ліра, жалейка, акарына і дуда. У пралогу – сумесная малітва.


“Над яе стварэннем мы працавалі прыблізна паўгода. Дарэчы, былі прыгоды з перавозам старой шафы з-пад Ракава ў Дукорскі маёнтак, — распавядае Зміцер, — яна не праходзіла праз дзверы! Давялося даставаць вокны ў хаце, замаўляць грузавік, потым здымаць дзверцы шафы, каб занесці ў будынак музея Дукорскага маёнтка, дзе адзін з пакояў аддадзены пад тэатр.



Цікавыя творчыя пытанні былі з падборам асвятлення, выразаннем твараў лялек, складаннем зместу інтэрмедый, з сюжэтнымі гукамі, аздабленнем тэатральнага пакоя і інш.



Для мяне батлейка — гэта старая, прыгожая і высокадухоўная спадчына, гэта аднаўленне традыцыі і прыемны сэрцу занятак!”



"У Бэтлееме" – спектакль, які паказваецца толькі ў калядны час. А на працягу года, паміж Калядамі, у Дукорскай батлейцы будзе ставіцца шмат іншых спектакляў: казкі, міфы, гумарыстычныя сцэнкі, камедыйныя пастаноўкі паводле беларускіх баек, сцэнкі з Бібліі.


Паказ спектакля даступны па папярэдняй замове: група да 45 чалавек, +375 (44) 732-10-05 (Ірына). Экскурсійныя праграмы з батлейкай.


Фота Зарына Шаўко


Падзялiцца: