Навіны
11.01.2014

Vitebsk4.me: Santa Maria, вынаходлівыя рыцары і нервовы крытыцызм

...Да Новага года – некалькі дзён. У адной з грымёрак Віцебскай абласной філармоніі, за кубачкам кавы – няспешна, калі ўлічыць, што да выхаду на сцэну заставалася менш за гадзіну, і даволі насычана ішла размова з лідэрам гурта «Стары Ольса» Зміцерам Сасноўскім.

Як сапраўдны знаўца ён адказваў на пытанні пра сучасны стан сярэднявечнай музыкі ў Беларусі, каментаваў, крыху аналізаваў, крытыкаваў… А распачалася гаворка з найбольш актуальнага – з гісторыі стварэння новага альбома «Santa Maria», які ўхвальна прымаецца як слухачамі, так і музычнымі крытыкамі.

Чаму ж гурт «Стары Ольса» пяць год маўчаў, а тут вырашыў выйсці з альбомам?

– Гэта абсалютна натуральны працэс. Некіруемы. Сказаць, чаму музыкі маўчаць, а потым запісваюцца, – цяжка. Акрамя тых музыкаў, у якіх падпісаны кантракты і яны вымушаны выконваць свае абавязкі. Так атрымалася, што ў нас не было абавязкаў. Мы займаліся засваеннем новага матэрыялу і потым яго абыгрывалі на канцэртах. Праз некаторы час натуральным чынам утварылася праграма, незапісаная нідзе і ніколі, якую з’явілася жаданне запісаць.

І гэты альбом вы лічыце паспяховым для «Старога Ольсы»? Альбо былі лепшыя часы?

– Што датычыць якасці запісу – адназначна паспяховы. Што датычыць выбару матэрыялу – паспяховы, таму што мы самі адбіралі гэты матэрыял. І зноў жа, у працягу апошніх год васьмі, гэта ўсё ў асноўным «Полацкі сшытак» («Полацкі сшытак» – знакаміты зборнік барочнай музыкі. – Заўвагі аўтара). Паспяховы, таму што мы засвоілі яшчэ дзве рэлігійныя песні – гэта «Ave Maria» і «Маці Каралева». І нарэшце, паспяховы ён таму, што мы самастойна вырашалі якасць і падрыхтаванасць да запісу. Думаю, любы ўдзельнік гурта «Стары Ольса ацэньвае яго як паспяховы.

Альбом рабіўся без прадзюсараў, без спонсараў – на ўласны сродкі. Наколькі гэта складана на сёння нават такому слыннаму гурту як «Стары Ольса» запісаць альбом самім?

– Слыннасць у нашай краіне не азначае фінансавых здольнасцяў. Слыннасць у сферы поп-музыкі, напэўна, азначае нейкія фінансавыя прыбыткі. Слыннасць, у стылі, які толькі ўтвараецца на Беларусі, у стылі медываль – у стылі сярэднявечнай музыкі, яшчэ не азначае фінансавага поспеху. Таму запісаць самастойна альбом – гэта каштавала намаганняў самім удзельнікам гурта. Намаганні былі, канешне, моцныя, але мы ўсё ж такі выстаялі і пры прапановах розных прадзюсараў і спонсараў удзельнічаць у гэтым альбоме усё ж такі дарабілі яго да канца самі. Нягледзячы на тое, што частку матэрыялу давялося перазапісваць двойчы, частку – тройчы, а ўвесь матэрыял давялося перазводзіць нанова ў іншай студыі.

Такім чынам, на алтар музыкі вы паклалі сур’ёзную ахвяру і атрымалі значны вынік…

– Мы паклалі ахвяру на алтар уласнагых творчагых памкненняў. Сказаць, што гэта алтар музыкі… Наўрад ці. Я лічу: кожны музыка робіць тое, што ён робіць, не з амбіцыі, а з памкнення зрабіць тое, чаго ён не чуе звонку. Я шмат разоў паўтараў ужо: калі б такі гурт як «Стары Ольса», такога стылю, стюлю медываль, існаваў у Беларусі да 90-га года, то ніколі б у мяне не ўзнікла ідэя арганізаваць такі гурт. Пры тым што я сабраў дастаткова вялікую калекцыю старых і народных інструментаў, я б быў шчырым фанатам такога гурта. Паспяховага, які з густам аднаўляе нашую старую музыку. А неабходнасць граць такую музыку ўзнікла толькі таму, што такога гурта не было. Класічныя гурты, які граюць музыку Барока, нават глыбей – Рэнесанса, але на інструментах, якія ўзніклі на стагоддзе, на два пазней, я не бяру ва ўлік. Таму што гэтыя інструменты – класічныя, на якіх людзі вучацца граць у афіцыйных музычных установах і не набіраюцца намаганняў засвоіць інструменты, якія з’яўляюцца аўтэнтычнымі для эпохі Барока і Рэнесанса. Тое, што «Полацкі сшытак» ужо выконваўся на пачатку 90-х гадоў, але не на аўтэнтычных інструментах сваёй эпохі, нельга браць ва ўлік.

Назва новаму альбому дадзена па назве адной з дзвюх духоўных песняў? Чаму так, чым гэта абумоўлена?

– Хацелася б падкрэсліць, што дзве духоўныя песні – гэта «Заспявай Адзінай Панне» (або «Ave Maria» – Заўвага аўтара) і «Маці Каралева». А «Санта Марыя» – рэфрэн песні «Маці Каралева». А мы назвалі альбом так, бо «Полацкі сшытак» быў зборнікам музыкі, якая ігралася пры касцёле падчас рэлігійных і нерэлігійных мерапрыемстваў – зборнікам рэлігійнай і свецкай музыкі. У прынцыпе, можна сказаць, што «Санта Марыя» – другая назва песні «Маці Каралева». Але выбар, напэўна, залежаў ад памкнення зрабіць зразумелай назву гэтага альбома сучасным слухачам. Таму што «Санта Марыя» – гэта брэнд, брэнд рэлігійнай каталіцкай музыкі. І патлумачыць, што мы ўклалі ў сэнс гэтых дзвюх рэлігійных песняў, лягчэй было назваўшы альбом гэтым брэндам, усім зразумелым.

Зміцер, на адной з прэзентацый альбома вы зазначылі, што «Santa Maria» – толькі першая частка вялікай праграмы, а запіс другой часткі запланаваны на восень 2014 года… Што ж чакаць слухачам ад «Старога Ольсы» далей?

– Я б сказаў, што гэта не дзве часткі адной праграмы, але абсалютна дзве розныя праграмы. Так атрымлася, што за пяць год мы развучылі шмат і інструментальных, і вакальных кампазіцый. Але ў гэты альбом мы ўключылі тое, што датычыць XVI-XVII стагоддзяў і замкава-палацавай культуры. Тое, што мы адрэпетавалі і развучылі, што не ўвайшло ў гэты дыск, – гэта застольныя спевы рыцарскага асяроддзя, куды ўваходзяць песні рознага кшталту. Напрыклад, песня застольная, якую мы ўжо выконваем, – «Пекна ёсць кола рыцэрска». Таксама «Балада пра заснаванне Вільні» Мацея Стрыйкоўскага. Таксама ўрывак з «Песні пра зубра» 1529 года Міколы Гусоўскага, які ён пазычыў з «Пахвалы Вітаўта», перапрацаваў і выклаў на латыні. Дык вось пераклад гэтай латыні на беларускую і ёсць урывак, які мы развучылі. Даволі вядомую песню «А дзе ж тыя ваяры?» мы сыгралі па-свойму – тую, што «Камелот» калісьці іграў. Мы атрымалі дазвол на гэта.
Асобна варта сказаць пра песню на твор Мацея Стрыйкоўскага пра тое, як князь Давыд Гарадзенскі арганізаваў карны паход у глыб нямецкіх тэрыторый у помсту за паходы крыжакаў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. Гэта такая вельмі славутая ў Сярэднявеччы, для вернікаў – ганебная, гісторыя. Сам Мацей Стрыйкоўскі і другі храніст Пётр з Дусбурга сцвярджаюць, што ганебна так было сябе паводзіць. Але Давыд Гарадзенскі сабраў, так бы мовіць, «спецназ» беларускіх рыцараў і гэтым атрадам пайшоў на Франкфурт, каб паказаць, што не толькі нямецкія рыцары могуць хадзіць на Вялікае княства Літоўскае, але і рыцары Літвы могуць хадзіць на Германію. І там адбылася такая гісторыя. Перабіўшы мужчынаў, яны ўзялі ў палон пяць тысяч маладых жанчын, «фройляйн», і падзялілі іх паміж сабой. І гэта была адпаведная помства, адпаведныя паводзіны нашых рыцараў у Германіі. А потым два рыцары паспрачаліся за тое, чыёй рабыняй будзе самая прыгожая немка. Біцца яны не маглі: дысцыпліна ў войску Давыда Гарадзенскага была высокая. І таму адзін з іх, не вытрымаўшы працяглай, напружанай спрэчкі, выхапіў меч і рассек яе напалам. І сказаў: «Браце, я падзяліў яе на роўныя паловы. Выбірай тую, якая табе найбольш пасуе». Менавіта гэтыя паводзіны былі адпаведным адказам на нямецкія набегі на ВКЛ. Вось такая песня, ну астатняе няхай застанецца інтрыгай…

Музыка, якую вы іграеце, ужо даволі распаўсюджаная ў Беларусі. Зараз «Стары Ольса» з’яўляецца так бы мовіць штандартам стылю медываль. І мне цікава менавіта вашае меркаванне: наколькі такая музыка развіта ў нас, яе ўзровень задавальняе ці не?

– На Беларусі ўжо шэсць гуртоў, якія граюць такую музыку, граюць паспяхова. Удала граюць. Аднойчы мы выязджалі пяццю гуртамі адразу на фестываль ў замак Ілжа ў Польшчу – такі «беларусі дэсант». Гэта паказала, наколькі развіта гэтая музыка ў нас. Іншае пытанне, што мы да гэтага часу не задаволены ўзроўнем, гэта магло б развівацца і далей. Вельмі мала сур’ёзных даследаванняў, вельмі шмат нязнятага матэрыялу, мала арыгінальных адноўленых тэкстаў… Мне здаецца, што мы толькі напачатку фарміравання руху. Хаця людзі, якія чуюць нас за мяжой, пытаюцца: «У Беларусі гэтая музыка сур’ёзна развіта?».
Я не хачу сказаць, што гэта сур’ёзны акадэмічны накірунак, гэта хутчэй бунтарскі накірунак у сферы музыкі. І акадэмічнымі музыкамі і асабліва крытыкамі акадэмічнай музыкі ўспрымаецца вельмі кепска, таму што мы з’яўляемся нейкімі рэвалюцыянерамі, мы іграем музыку, якую прынята граць у Еўропе на інструментах, уласцівых той эпосе. А гэтыя інструменты не з’яўляюцца зараз акадэмічнымі, на якіх вучаць ад музычнай школы праз музычную вучэльню да кансерваторыі. Іх не вывучаюць. І ёсць сур’ёзнае супрацьстаянне з боку акадэмічных музыкаў. Таму што гэта дылетанцтва. Я не адзін раз чытаў такія крытычныя артыкулы, таму што для іх чалавек, які не вучыўся ў кансерваторыі на нейкім інструменце, з’яўляецца дылетантам.

Аматарам…

– Аматарам, які грае на гэтым інструменце. Тут вельмі складанае пытанне: а чалавек з вышэйшай музычнай адукацыяй, які засвойвае самастойна нейкі інструмент і выконвае на ім музыку, аўтэнтычную для гэтага інструмента і для гэтай эпохі, чаму ён з’яўляецца аматарам-дылетантам, – не зразумела. Хутчэй за ўсё, у гэтай думцы праяўяецца нейкі нервовы крытыцызм тых, хто не ў стане змяніць становішча і не ў стане выконваць музыку на аўтэнтычных інструментах, хто вымушаны з дзяцінства граць на тых інструментах, якія яму навязалі і якія былі акадэмічнымі. Больш за ўсё мяне ў гэтым становішчы злуе сітуацыя, што ў Беларускай акадэміі музыкі строй лютні, на якой вучацца граць студэнты-гітарысты, абсалютна адпавядае строю гітары. Гэта значыць, што прынцыповая лянота прафесараў і выкладчыкаў музыкі настроіць лютню адпаведна эпосе, а не як гітару, пераўтварае гэты інструмент у разнавіднасць гітары са скарочаным на тры лады грыфам.

Ну і апошняе. Хацелася б пачуць пажаданне ад Зміцера Сасноўскага для віцебскай культурнай прасторы да калядных святаў…

– Пажанданне простае: не замяняць недахоп адукацыі ці працаздольнасці нейкімі сурагатамі. Лепш за ўсё слухаць нешта ў арыгінале, чытаць у арыгінале, знаёміцца з гэтым і спажываць любую мастацкую спадчыну ў арыгінальным выглядзе.

vitebsk4.me