Лідэр «ольсаў» Зьміцер Сасноўскі ўжо зазначаў у інтэрвію Tuzin.fm, што рыфы гітарнай рок-музыкі вельмі ўдала кладуцца на старадаўнія інструмэнты, асабліва на шалмеі, жалейкі і дуды. Да гэтага музыкі выконвалі з розных нагодаў свае вэрсіі твораў Deep Purple, Nirvana і «Песьняроў». У «One» сьпявае Андрэй Апановіч, вядомы таксама як лідэр гурта Litvintroll.
У межах тэлепраекту «Легенды.Live» беларускія музыкі перайгрываюць на свой лад рок-клясыку. Мы пацікавіліся ў вядучага праграмы Івана Падрэза, што ён адказвае на вечныя заўвагі кшталту: хто яны такія, маўляў, каб дакранацца да сьвятога. «Некаторая частка нашай музычнай суполкі да клясычных рок-рэчаў ставіцца значна больш сур’ёзна, чым іх непасрэдныя стваральнікі. Нават на вельмі асабістыя для аўтараў песьні кшталту „Hallelujah“ Коэна ў сьвеце існуе сотні розных кавэраў: і добрых, і не. Коэна гэта не турбуе. Для музыкі сьмяротна, калі яе кансэрвуюць у нейкім саркафагу сьвятасьці і недатыкальнасьці. Гэта вельмі аўтарытарнае стаўленьне да творчасьці, якая па сваей сутнасьці адпрэчвае любыя мэтанаратывы. Такая манапалізацыя свайго пункту гледжаньня на музыку ў сьвеце, дзе пануе бязьлітасны постмадэрн, падаецца дрымучым рэтраградзтвам», — зазначыў Іван.
Праграму «Легенды.Live» можна пабачыць на тэлеканале ОНТ у вячэрнім этэры штопанядзелак і пачуць на Радыё ОНТ, у панядзелак у 22:05, а таксама шточацьвер і штосуботу ў 16:00.
Тэкст: tuzin.fm