Фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” прайшоў 8 жніўня ўжо другі раз. Кампанія “Будзьма беларусамі!”, сталы партнёр фестывалю, разам з гуртом сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” паспрабавала разбудзіць Цмока рытмамі яго маладосці.
Гурт “Стары Ольса” ўдзельнічаў у фестывалі на запрашэнне кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Сваёй энергічнай музыкай ды актыўнымі заклікамі “Ольсы”здолелі зрабіць неверагоднае – сабралі размораную спёкай публіку ў карагод. Бо, па-першае, як цудоўна ведаюць заўсёдныя фаны сярэднявечных дыскатэк, хто не танчыць – той лось! А па-другое, “Сярэднявечныя танцы – гэта ж рытмы маладосці вашага Цмока! Давайце ўжо яго разбудзім!” – падбухторваў танцораў Зміцер Сасноўскі.
Танцы затанчылі, песні заспявалі – Цмок хоць і не паказаўся, але, спадзяемся, парадаваўся! Скончылі выступ “Ольсы” атракцыёнам “Пакупайся з Цмокам” і запрасілі ўсіх слухачоў перамясціцца ў возера. Тут хацелася б асобна падзякаваць суполцы вясёлых палачанаў за безумоўную гатоўнасць падтрымаць любыя, нават самыя шалёныя, прапановы!
Глядзіце фота і тэкст цалкам на budzma.by
12.08.2015
У гасцях у Лепельскага Цмока (фота)
"Стары Ольса" на фестывалі міфалогіі ў Лепелі.