Навіны
06.03.2020

Прэм'ера! Батлейка Стары Ольса: спектакль "Трыстан і Ізольда"

Прэм’ера на беларускай тэатральнай сцэне! Гурт "Стары Ольса", лідар сярэднявечнай музыкі Беларусі, паставіў спектакль у жанры батлейкі ў стылі Рэнесанса. У аснову лягла беларуская версія XVI стагоддзя аповесці пра Трыстана і Ізольду.
UPD. Увага! Прэм'ера перанесена. Дата пакуль што застаецца адкрытай. Але батлейка абавязкова будзе прэзентавана шырокай публіцы, калі небяспека сыйдзе. Спадзяемся, хутка. Усе набытыя квіткі будуць дзейсныя на новую дату. Калі вы вырашыце здаць квіток, гэта можна зрабіць праз сайт, дзе набывалі, альбо звяртайцеся да арганізатара: +37529 649-08-88.

Батлейка — народны лялечны тэатр. Зараджэнне яго ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст., а ўзнікненне звязана з каляднымі святамі. На тэрыторыю Беларусі батлейка трапіла з Польшчы і Украіны і атрымала распаўсюд з XVI стагоддзя. Па рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр генетычна ўзыходзіць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі мяшчане і сяляне, і тэатр стаў народным, а ў рэпертуар стала ўвайшлі свецкія спектаклі.

Ініцыятыва стварэння батлейкі гурта “Стары Ольса” належыць яго заснавальніку і дудару Змітру Сасноўскаму. Гэта даўняя мара – аднавіць старадаўні варыянт батлейкі са спектаклем на сярэднявечны сюжэт, з жывой музыкай і інтэрмедыямі. Працу гурт пачаў яшчэ ў канцы 2018 году. Сюжэт - старадаўняя легенда пра Трыстана і Ізольду.
 

У якасці тэатральнай скрыні выкарыстана старая шафа 1930-х гадоў, аздобленая элементамі ў стылі віленскага барока, якую гурт набыў на Бабруйшчыне. Сцэнарыстам і рэжысёрам выступіў Зміцер Сасноўскі. Ён жа працаваў над пераўвасабленнем шафы ў тэатральную сцэну. Лялькі стваралі майстар па гістарычных касцюмах Наталля Чарнышова і Аляксандра Шангіна, дэкарацыі стваралі мастакі Яўгенія Валента, Вольга Верашчака і Арсеній Кацэла. Акторы і музыкі – гурт "Стары Ольса". Адметнасць батлейкі гурта - жывое музычнае суправаджэнне ўсяго спектакля. Музыкі выкарыстоўваюць максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў: дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, ребек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш.

У розныя часы творцы з усяго свету звярталіся да легенды пра Трыстана і Ізольду: оперы, мюзіклы, фільмы, серыялы, драмы, навэлы. Але ўпершыню гэтая славутая гісторыя пастаўлена ў жанры батлейкі. Унікальнасць спектакля ў тым, што ён грунтуецца на беларускім варыянце аповесці пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду – "Аповесці пра Трышчана". Гэта помнік беларускай культуры XVI стагоддзя, які збярогся ў Пазнаньскім рукапісным зборніку. "Аповесць пра Трышчана" — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў 2-й палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы.
 
Гонар і каханне, рыцарскі абавязак і адданасць каханай, служэнне каралю і прага сваёй адзінай – цудоўныя і светлыя пачуцці... Пакуль не трапляюць у стан канфлікта. Што абраць: страціць гонар, але быць з каханай, ці захаваць высакароднае імя, але вечна пакутваць ад расстання? Насычаная падзеямі і прыгодамі гісторыя дваіх. Трыстан і Ізольда, 12 стагоддзе, асалода і пакуты, вернасць і здрада, рэальнасць і містыка.

Рэстаўрацыя традыцый, жывая музыка на старадаўніх інструментах і знакамітыя музыкі ў новай ролі!

ПРЭМ'ЕРНЫЯ ПАКАЗЫ адбудуцца ў час вясновых школьных канікул у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі(г. Мінск, вул. Кірава, 16). Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, а таксама іх бацькоў.

30 і 31 сакавіка, 2 і 4 красавіка.Сеансы: 11:00, 13:00, 15:00.

Квіткі: 12-15 р., kvitki.by

Інфалінія: (44) 551-77-06, (29) 851-77-06

Падзея ў ВКонтакте, Facebook