Навіны
21.04.2021

Амерыканская кампанія выпусціла пітны мёд ў гонар гурта Стары Ольса

Уладальнікі медаварні Groennfell Meadery у штаце Вермонт (ЗША) вырашылі стварыць спецыяльную калекцыю пітнога мёду па гістарычных рэцэптах і запрасілі Стары Ольса стаць яе часткай, а таксама падтрымаць гурт у смутныя часы. Марыя Шарый, флейтыстка гурта, падзялілася перадгісторыяй і падрабязнасцямі падзеі.
 
У 2016 годзе, калі Стары Ольса стартаваў з праектам альбому кавераў на рок-класіку на амерыканскай краўдфандынгавай пляцоўцы Kickstarter, пра гурт даведаўся і падтрымаў праект дырэктар фестывалю Vermont Renaissance Faire і запрасіў выступіць на фестывалі. Але тур Старога Ольсы планаваўся нашмат пазней за даты фэсту. А каб не губляць магчымасць паслухаць гурт ужывую, яны зладзілі выступ у мясцовай медаварні Groennfell Meadery.
 
– Гэта быў адзін з самых незвычайных выступаў, – дзеліцца ўражаннямі флейтыстка гурта Марыя Шарый. – Мы гралі на складзе сярод вежаў з мёдам, побач бармэн разліваў з бочкі мёд, а публіка грукала кубкамі, падпяваючы і прытанцоўваючы! Мёд ліўся ракой, доўга яшчэ не разыходзіліся пасля канцэрту.
 
 
– Восенню мінулага году ўладальнікі гэтай медаварні вырашылі стварыць спецыяльную калекцыю пітнога мёду па гістарычных рэцэптах, і яны запрасілі нас стаць яе часткай. А таксама падтрымаць гурт у гэтыя смутныя часы. Разам мы распрацавалі пітны мёд Стары Ольса, у дадатку да якога ідзе плэйліст застольных песняў для атмасферы і настрою.
 
"Мы вельмі радыя, што можам зрабіць свой невялікі ўнёсак для дапамогі гэтаму фантастычнаму гурту", – кажа галоўны медавар і сузаснавальнік кампаніі Рыкі Кляйн. – "З гонарам запрашаем фанатаў Старога Ольсы пакаштаваць мёд першымі!" 
 
– Мёд вырабляецца акурат зараз, і яны ўжо прымаюць замовы. Ён звараны з мёду з палявых кветак, з дадаткам парасткаў верасу і настоены на бяросце. Атрымаўся аўтарскі рэцэпт, заснаваны на традыцыі вырабу пітнога мёду на беларускіх землях. Старадаўняя музыка плюс старадаўні напой – машына часу. З нецярпеннем чакаем свае бутэлькі, каб пакаштаваць!
 
Напой даступны для папярэдняй замовы на сайце медаварні. Дастаўка ажыццяўляецца толькі на тэрыторыі ЗША.
 
 
"Groennfell Meadery ганарыцца супрацоўніцтвам са Старым Ольсам над гэтым адзіным у сваім родзе пітным мёдам у гонар іх беларускай спадчыны і любові да кам'юніці. Частка ад продажаў гэтага мёду ідзе на падтрымку гурта ў гэты смутны час" – гаворыць этыкетка.
 
– Дызайн этыкеткі распрацаваў малады мастак Трыфан Маркаў з Портланда. Ён ладзіў наш канцэрт ў сваёй мастацкай галерэі падчас трэцяга тура Старога Ольсы ў ЗША ў 2017 годзе. Гэта суперская калабарацыя некалькіх творцаў!
 
У Беларусі культура пітнога мёду вельмі старадаўняя. Калі не было ані віна, ані гарэлкі, мёд быў для нашых продкаў самым урачыстым, сакральным напоем. Тэхналогія яго вырабу вельмі падобная да тэхналогіі піваварства – у большасці традыцыйных рэцэптаў, як і ў піваварстве, у складзе напою хмель. Да сярэдзіны ХІХ ст. многія даіндустрыяльныя бровары былі адначасова і медаварнямі. А пасля прыходу новай піваварнай індустрыі, якая перайшла на піва нізавога браджэння, і распаўсюду гарэлкі медаварні апынуліся на ўзбочыне гісторыі, і да пачатку ХХ ст. большасць з іх заняпала.

Тэхналогія вырабу даволі простая, але патрабуе часу. Мёд разбаўляюць гатаванай вадой, дадаюць дрожджы, хмель і трымаюць у халодным месцы. Пітны мёд даўней і сёння даволі розныя прадукты. Аднак, сапраўдны пітны мёд павінен быў досыць доўгі час выстаяцца ў драўляных бочках альбо шкляных слоіках ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Залежыць ад узроўню тэхналагічнай культуры. Але таксама і ад прынятага ў грамадстве рытма жыцця. У залежнасці ад прапорцыі мёду, вады ды ступені перагонкі, пітны мёд меў мацунак ад 12 да 50 градусаў. Паводле дадаткаў ён падзяляўся на фруктовы (ягадны), зельны і карэнны.

У часы ВКЛ напой быў шырока распаўсюджаны ў паветах багатых лесам, дзе развіваўся такі промысел як бортніцтва. Гарадзенскі павет са сваімі пушчамі быў адным з цэнтраў мядовага промыслу і вытворчасці пітнога мёду ў ВКЛ. Для працэсу вырабу існаваў нават адмысловы тэрмін “сыціць мёд” – ад слова “сыта”, якім называлі мёд, звычайна ў сотах, разведзены вадой і правараны. Да святаў рамеснікі абавязкова сыцілі мяды. Прычым воск, які заставаўся ад правараных сотаў, ахвяравалі царкве або касцёлу. Напой быў папулярны як сярод шляхты, так і сярод мяшчан і сялян у ХVІ–ХVІІІ стст.
 
– Магчыма, яны змогуць дадаць наш мёд у спіс сваёй асноўнай прадукцыі, калі ён стане папулярным, – з надзеяй у голасе кажа Марыя. – Але першасна запланавана зрабіць яго лімітаванай серыяй спецыяльнай калекцыі. Таму гэта можа быць адзіны шанец атрымаць бутэльку. І хоць зараз немагчыма гастраляваць і нават сабрацца на рэпетыцыю, але мы можам выпіць разам! Будзьма і дзякуй, сябры!
 
У Беларусі, у адрозненне ад Польшчы, Украіны, Літвы, дзе захавалася традыцыя вырабу пітнога мёду, існуюць нешматлікія мядовыя брацтвы энтузіастаў. Таму, магчыма, гэта падзея стане штуршком да аднаўлення і пашырэння традыцыйнага старадаўняга напою на радзіме.