Тромбамарына (трумшайт)

Тромбамарына (трумшайт)

Тромбамарына або трумшайт (нем. Trumscheit або Trumbscheit, іт. Tromba marina) - басовы аднаструнны смычковы інструмент заходнееўрапейскага паходжання. Мае трапецападобны клеены корпус вышынёй каля двух метраў з рэзанатарам і кароткім грыфам без ладоў. Гук здабываецца вядзеннем смычка каля галоўкі і мае спецыфічнае гудзенне, якое яму надае вібравальная падстаўка. Тромбамарына гурта "Стары Ольса" мае дзве струны (Рэ і Соль), зроблена беларускім майстрам Валерыям Зінкевічам у 2009 г.
 
Тэрмін tromba marina у перакладзе з італьянскага "марская труба", - не мае здавальняючага тлумачэння. Па адной версіі, інструмент выкарыстоўваўся на моры як сігнальны, аднак, знойдзейных дакументальных пацверджанняў такога значэння няма. Па іншай версіі, tromba marina - скажонае напісанне tromba mariana, "труба Панны Марыі" (Марыянская труба). У Нямеччыне яго таксама называлі тэрмінамі Nonnengeige ("скрыпка для манашак") і Nonnentrompete ("труба для манашак"), паколькі манашкам стагоддзямі забаранялі іграць на духавых інструментах.
 
Тромбамарына вядомая ў заходняй Еўропе з XV стагоддзя, была распаўсюджаная ў розных мадыфікацыях да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Дакладных іканаграфічных крыніц у Беларусі не знойдзена, але ёсць выявы блізкароднасных інструментаў - гудка і басэтлі.
 
Музыка грае на гудку на фрагменце мініяцюры "Давыд грае, пісцы пішуць, а народ трубіць", Тлумачальны Псалтыр першай паловы ХVІ ст. "віленскай школы"
Музыка грае на басэтлі на фрагменце беларускага абраза ХVІІІ ст. "Багародзіца з хорам анёлаў"