Тэксты, ноты

Песнь Монаршэ Вечнэму

Баявы псальм войска ВКЛ, 1580 г.
Словы Андрэя Рымшы з паэмы "Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... Krzysztofa Radziwiła..." ("Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла"). "Аповесць" выдадзена ў 1585 г. у Вільні, апісаныя ў ёй падзеі адбываюцца ў 1580 г. Пераклад "Аповесці" з польскай мовы выкананы А. Дзітрыхам і ласкава перададзены гурту "Стары Ольса". Пераклад паводле: Andrzej Rymsza. Dziesięćroczna powieść wojennych spraw// Archiwum Literackie, 4. Miscellanea Staropolskie. T. XVI. Warszawa, 1972.
Музыка з нотнага зборніка "Pieśni chwał boskich" Яна Зарэмбы 1558 г. Транскрыпцыя фанетыкі праз польскамоўнае напісанне - С. Акінчыц, адаптацыя тэкста да мелодыі - Зміцер Сасноўскі.
А. Рымша піша, што псальм "Pieśń Monarsze Viecznemu" спяваўся войскам ВКЛ на баявым маршы. Рымша, як рыцар і ўдзельнік Лівонскай вайны (1558—1583) распавядае, што ранкам літоўскія рыцары, пашыхтаваныя баявым парадкам, выехалі з умацаванага лагера і заспявалі "хвалу Богу", прычым разам з рыцарамі спяваў і вялікі гетман Крыштаф Радзівіл. Рымша дакладна працытаваў псальм. Адметна, што словы псальма не супадаюць са словамі, якія прыводзяць Францыск Скарына альбо Я. Каханоўскі. Рымша быў сярод рыцараў, якія спявалі гэты псальм, таму ягонае сведчанне з’яўляецца найбольш аўтарытэтным.
Андрэй Рымша (каля 1550–пасля 1595) – вядомы беларускі паэт, пісаў па-старабеларуску і па-польску, заснавальнік у беларускай літаратуры жанру “эпікграм”, прафесійны ваенны, удзельнічаў у многіх бітвах і паходах.
Яго знакамітая рыцарская паэма "Дзесяцігадовая аповесць" прысвечана дыверсійна-экспедыцыйнай выправе войска ВКЛ углыб Масковіі ў 1580 г. пад кіраўніцтвам гетмана Крыштафа Радзівіла. У "Аповесці" апісваюцца жорскія рэаліі вайны, калі войска ВКЛ праз 10 год няўдалага змагання на сваёй тэрыторыі нарэшце ўступае на землі праціўніка. Рымша ўдзельнічаў ва ўсіх апісаных бітвах і згадвае пра гэта “што бачылі мы на свае вочы”.
"Pieśni chwał boskich" ("Песні хвал боскіх" альбо іншая назва "Берасцейскі канцыянал") – першы друкаваны нотны зборнік не толькі на Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. "Брэсцкі канцыянал" складзены і выдадзены Янам Зарэмбам пры фундацыі Радзівілаў у Брэсце ў 1558 г. (перавыдадзены ў Нясвіжы і Вільні). У "Канцыянал" разам з рознымі малітвамі, артыкуламі і настаўленнямі, увайшлі адна- і чатырохгалосныя псальмы і канты (каля 100 песняў), рэлігійныя і свецкія, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне ў побыце. Аўтарамі тэкстаў былі вядомыя паэты XVI ст.: Андрэй Тжэсецкі, Шымон Зацыус і Станіслаў Семідзелій Казімірчык. Музыку сачынілі кампазітары Вацлаў з Шамотул і Цыпрыян Базылік. Пра аўтарытэт і папулярнасць "Брэсцкага канцыянала" кажа тое, што 38 песень з яго ўвайшлі ў "Дадатак" да "Кракаўскага канцыянала" 1559 г.

Зачніце ж юж нову Можнэму
Песнь Монаршэ Вечнэму
 
Ласка его нехай слыне
Аж в морэ вшэлька рэка вплыне
 
Бо то ест Бог навеншы 
Пэлэн вшэлькей строгосці 
 
Навеншы над вшыткемі Богі
Пэлэн грозы і трывогі
 
Зачніце ж юж нову Можнэму
Песнь Монаршэ Вечнэму
Спампаваць ноты, акорды