Музыка Стары Ольса ў серыяле Вікінгі

Музыка Стары Ольса ў серыяле Вікінгі

Музыка беларускага гурта "Стары Ольса" прагучала ў папулярным канадскім-ірландскім тэлесерыяле «Вікінгі» на міжнародным тэлеканале History.

"Вікінгі" - гістарычная драма пра вікінгаў і іх эпоху, створаная Майклам Хёрстам спецыяльна для тэлеканала History, прэм'ера якой адбылася 3 сакавіка 2013 года. Серыял мае высокі рэйтынг (IMDb: 8.60, Кинопоиск: 8,25), шэраг прэстыжных узнагарод і мільёны прыхільнікаў ва ўсім свеце.

Кампазіцыя "Стары Ольса" "Куранта" з альбома "Скарбы літвінаў” 2004 г. прагучала ў эпізодзе The Ice Maiden 6-га сезона, у сцэне купання князёўны Кацярыны.

У студзені 2018 года падчас тура Стары Ольса па ЗША музычны кіраўнік тэлесерыяла выйшла на гурт праз Facebook. Асноўным запытам была камерная інструментальная музыка, блізкая да перыяду: “Мы асабліва шукаем запісы з удзелам лютні, шалмеяў і перкусіі. Без дудаў ці гусляў”.



"Я не магу перадаць, наколькі я была радая, калі знайшла запісы гурта "Стары Ольса". Я вельмі доўга шукала нешта хоць прыкладна, што пасуе па часе дзеяння. А тут не толькі пасуе, а і вельмі таленавіты гурт!” 
- кажа музычны супервайзер "Вікінгаў" Мікаэла Сіманс.
 

У мінулым годзе гурт адзначыў 20-годдзе. На рахунку Стары Ольса 10 студыйных альбомаў, 3 канцэртных і 1 аўдыёспектакль. Увесь гэты час мэта гурта застаецца нязменнай - найбольш поўная (па-магчымасці) рэканструкцыя музычных традыцый Вялікага Княства Літоўскага. Музыкі выкарыстоўваюць максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў - дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, рэбек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш. 

Раней музыка гурта ўжо гучала на амерыканскім тэлебачанні. У студзені 2017 г. на амэрыканскім тэлеканале Nickelodeon адбылася прэм'ера тэлешоў Jagger Eaton's Mega Life з удзелам беларускай каманды. “Ольса” вучылі старадаўнім танцам вядучага праграмы, амерыканскую зорку скейтбордынгу Джагера Ітана. 

21 сакавіка ў Мінску "Стары Ольса" рыхтуе музычную лекцыю пра музыку сярэднявечча і Рэнесансу ў Беларусі да Еўрапейскага дня старадаўняй музыкі (European Early Music Day), які адзначаецца рознымі канцэртамі і фестывалямі па ўсёй Еўропе.

СЛУХАЦЬ АЛЬБОМ "СКАРБЫ ЛІТВІНАЎ"


Падзялiцца: