СТВАРАЕМ АНЛАЙН-МУЗЕЙ ГУРТА СТАРЫ ОЛЬСА

СТВАРАЕМ АНЛАЙН-МУЗЕЙ ГУРТА СТАРЫ ОЛЬСА

«Старому Ольсе» сёлета 21, паўналецце. Такі малады і стары адначасова. За столькі гадоў існавання адбылася процьма выступаў і сустрэч, накапілася гара успамінаў, архіваў, падарункаў, шмат што змянілася, і нават цэлае пакаленне ўжо вырасла за гэты час.

Пасля канцэртаў мы пакідалі аўтографы на квітках і ў нататніках, фатаграфаваліся афіцыйна і па-дурацку, вы дарылі нам падарункі ад салодкіх да жалезных.

Неаднаразова гурт атрымліваў узнагароды, выходзілі касеты і дыскі. Журналісты пісалі рэцэнзіі ў часопісах і газетах, якія ўжо скончылі сваё існаванне, але іх жоўтыя старонкі жывуць да гэтага часу. Раз-пораз, наводзячы парадак у шафе, перачытваеш і кладзеш назад, усміхаючыся, узгадваеш тую падзею і свае думкі.

Гэта не хлам і настальгія, гэта гісторыя. Гісторыя гурта, асобаў, рэчаў, гісторыя музыкі, гісторыя часу. Яна патрэбна нам, можа быць цікава вам сёння і будучым прыхільнікам ці тым, хто будзе знаёміцца з гуртом падчас лекцый па гісторыі музыкі.

Таму мы ствараем АНЛАЙН-МУЗЕЙ гурта «Стары Ольса», які павесім у нас на сайце. У музеі будуць знакавыя фота і відэа матэрыялы гурта, аўдыазапісы інтэрв’ю, адсканаваныя артыкулы, плакаты, дыпломы, гісторыі, фота падарункаў, атрыбутыкі і іншыя цікавыя рэчы.


Без вашай дапамогі і вашых матэрыялаў музей будзе няпоўным. Таму мы просім вас дасылаць нам свае ўспаміны і рарытэтныя фота. Гэта можа быць фота квітка з аўтографамі, фота старых афішаў, паштовак, артыкулаў у друкаваных СМІ і інш. Гэта таксама можа быць ваша асабістае фота, зробленае падчас канцэрта, з цікавай гісторыяй. Напрыклад, пасля наведвання канцэрта «Старога Ольсы» вы сталі размаўляць па-беларуску альбо вы ці вам прапанавалі руку і сэрца, альбо вы танчылі так, што зламалі нагу, і іншыя цікавосткі.

Вашы матэрыялы будуць прыярытэтнымі і каштоўнымі, калі вы пазначыце месца і дату нашай сустрэчы, падзеі, кароткую гісторыю, калі яна ёсць.

Просім дасылаць матэрыялы ў максімальна магчымай якасці на пошту гурта staryolsa.official@gmail.com з пазнакай “Музей Стары Ольса”:

- калі вы маеце шмат матэрыялаў, загрузіце іх на любы файлаабменнік (Google Дыск, Dropbox, Воблака Mail.Ru, OneDrive, Яндекс.Диск і інш.) і дашліце спасылку.

- калі вашы матэрыялы пра гурт размешчаны на прасторах YouTube, у блогах, ВКонтакте, Facebook, дасылайце спасылкі на іх.

- калі вы маеце фізічныя арыгіналы газет/часопісаў з нататкамі і артыкуламі пра гурт, праграмкі, постэры і вам не шкада з імі расстацца, калі ласка, перадайце нам альбо дашліце па пошце на адрас, папярэдне звязаўшыся з Марыяй Шарый (ВК, FB, staryolsa.official@gmail.com).

Не выдаляйце фота, не выкідайце рэчы, яны могуць стаць нашай гісторыяй!






Падзялiцца: