Новости
19.11.2014

BelMetal: 15-годзьдзе гурта Стары Ольса (+ фота)

Кожны чалавек, больш-менш знаёмы з паняцьцем сучаснай беларускай музычнай культуры, ведае гурт Стары Ольса — найвыбітнейшы беларускі калектыў сярэднявечнай музыкі, мэтай і рухавай сілай якога зьяўляецца як мага больш падрабязная рэканструкцыя музычных традыцый тэрыторыі сучаснай Беларусі ў межах Вялікага княства Літоўскага.

Ужо 15 гадоў таму музыкі пачалі граць беларускія народныя балады і ваярскія песьні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесансу, кампазіцыі зь беларускіх складанак прыдворнай музыкі («Полацкі сшытак», «Віленскі сшытак»), беларускія канты 16 — пачатку 17 стагодзьдзяў, а таксама эўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча – шырокі рэпертуар, за які дагэтуль ня браўся амаль ніхто. Дзякуючы гэтаму адрозьненьню і таленавітаму падкрэсьліваньню рысаў сваёй арыгінальнасьці Стары Ольса вельмі хутка знайшлі сваю нішу і назаўжды занялі ганаровае месца ў гісторыі беларускай музыкі.
Празь якасную, выдатную музыку і сярэднявечнастылёвае зьнешняе ўбраньне Стары Ольса ствараюць неверагодную атмасферу сапраўднага вяртаньня ў велічныя часы ВКЛ. За час існаваньня калектыў выпусьціў 11 альбомаў ды 6 відэакліпаў і набыў шматлікіх прыхільнікаў падчас выступаў на канцэртах і фестывалях сярэднявечнай культуры, рыцарскіх турнірах і фальклорных фестывалях. Стары Ольса актыўна супрацоўнічаюць з рыцарскімі клубамі, музеямі, дасьледчыцкімі цэнтрамі, з гуртамі старадаўняй музыкі і асобнымі выканаўцамі і майстрамі, зацікаўленымі ў аднаўленьні аўтэнтычнага гучаньня забытых старажытных інструментаў.

Падобна да малавядомай клічаўскай ракі, ад якой паходзіць назва выбітнага гурта, зь цягам часу невялічкі ручай “Ольсы” ператварыўся ў магутны імклівы струмень, які дорыць радасьць прыхільнікам і празь няспыннае ўсебаковае разьвіцьцё захапляе сэрцы ўсё большай часткі аўдыторыі.

На прэс-канферэнцыі Старога Ольсы напярэдадні канцэрту лютніст гурта Ільля Кубліцкі адзначыў, што падчас выступу прагучаць лепшыя кампазіцыі з усіх альбомаў: будзе і песенная, і танцавальная, і камерная музыка; зразумела і безумоўна, будзе шмат новых песень, якія яшчэ не запісаныя. І не падмануў: на канцэрце прыхільнікі насамрэч пачулі ўсе ўлюбёныя кампазыцыі з найлепшых альбомаў. Праграма насамрэч была вельмі разнастайная, можна сказаць, на любы густ прыхільніка сярэднявечнай музычнай культуры.

Распачаўся выступ з усім вядомай хітовай “У карчме”, што адразу настроіла на бадзёры пазітыўны лад.Падчас першага адзьдзяленьня канцэрту прагучалі выдатныя кампазіцыі з “Полацкага сшытку” “Слічна квеце” і танец у балканскім стылі Balkano, падчас якога бубнач Сяржук Тапчэўскі літаральна біў у чаравікі, балада XVI стагодзьдзя “Рыцар Байда”, прысьвечаная гераічным подзьвігам гетмана Зьміцера Вішнявецкага, а таксама эмацыйна моцны музычны твор з “Полацкага сшытку” пад незразумелай назвай “Немец”. Затым Стары Ольса грымнулі ня вельмі ўласьцівай рэпертуару гурта, але, па словах Зьміцера Сасноўскага, вельмі блізкай музыкам па духу песьняй “А дзе ж тыя ваяры” (“…што са мной хадзілі ў Крым”, каб чытачы зразумелі, у чым соль). А пасьля балад і бадзёрых ваярскіх сьпеваў Стары Ольса ўзгадалі, што калісьці на пачатку творчага шляху яны паставілі перад гуртом амаль невыканальную мэту – ахапіць і сыграць усе стылі старадаўняй музыкі, што гучала ў палацах Вялікага княства да XVI стагодзьдзя. З гэтай нагоды публіцы былі прадстаўлены чатыры інструментальныя кампазіцыі, якія адлюстроўвалі тагачаснае аўтэнтычнае гучаньне. Завяршыла першае адзьдзяленьне лірычная пранізьлівая балада XV стагодзьдзя SantaMaria, пасьля чаго музыкі сышлі на кароценькі адпачынак.

А я тым часам сышла ў фае Палацу культуры хуценька пааглядаць публіку, і была насамрэч зьдзіўлена. Сярод гасьцей літаральна сустракаліся і грудныя дзеткі, і вельмі пажылыя людзі, і шматлікая моладзь як з фолкавай, так і зь метал-тусоўкі, і ў вышыванках, і ў адзеньні з намёкам на сярэднявечны стыль – відавочна, Старому Ольсе належаць сэрцы цалкам разнастайных прыхільнікаў. Павіншаваць калектыў зь юбілеем падцягнулася безьліч народу, і такая аб’яднальная культурная зьява не магла ня ўзрадаваць.

Дзеяньне другое распачалося выдатнай кампазіцыяй “Дрыгула” і складалася па-большасьці з шырокавядомых знакавых песень гурта: “Вайтоўна”, пранікнёная AveMaria, інструментальная “Шлях”, натхняльная і бадзёрая “Ліцьвін”… Асаблівым нумарам стаў Gaudeamusigitur — “Гімн студэнтаў”, які ўрэшце загучаў, дзякуючы Старому Ольсе, на беларускай мове, і быў урачыста прысьвечаны Дню студэнта, што меў месца акурат назаўтра, 17 лістапада.

Прыемным сюрпрызам стала прэзентацыя публіке кампазіцыі “Балада пра заснаваньне Вільні” (ніколі не выконвалася раней), аднайменнай балады пра паход князя Давыда Гарадзенскага і яго “атмарозкаў” на Франкфурт, якая вучыць, як можна запроста вырашыць праблему трохкутніка каханьня, “запазычаная” Міколам Гусоўскім у смаленскага (лічы, нашага) аўтара, балада-пахвала Вітаўту “Вітольд валадару” і застольнай рыцарскай песьні XV стагодзьдзя “Кола рыцэрска”. Гэтыя кампазіцыі прагучаць на наступным альбоме, які, плануецца, пабачыць сьвет ужо ў 2015 годзе. На прэзентацыі «SantaMaria» яшчэ ў мінулым годзе Зьміцер Сасноўскі абяцаў, што альбом будзе складацца зь дзьвюх частак. Пакуль што гэтая другая кружэлка ня выйшла, але падчас сьвяточнай прэс-канферэцыі Сасноўскі распавёў, што ўсім музыкам як мага хутчэй карціць сесьці запісваць другую частку, таму што яна — песенная, а не інструментальная, а інструменталам Стары Ольса займаліся апошнія год шэсьць безь перапынку. Удзельнікі гурта пасьпелі засумаваць па бадзёрых сярэднявечных кампазіцыях, што сьпявалася за сталом, таму ня дзіва, што наступная кружэлка мае працоўную назву «Застольныя песьні беларускага рыцарства». Ну а пакуль, дапасоўваючыся, “прыціраючы” інструменты, аранжыроўкі, ідэі, музыкі ашчасьцілі фанаў гэтымі новымі кампазыцыямі на юбілейным канцэрце.

Трэба зазначыць, што падчас імпрэзы, нягледзячы на нібыта сур’ёзнасьць фармату, у перапынках паміж песьнямі Зьміцер Сасноўскі сыпаў ненавязьлівымі жартамі, распавядаў пра цікавую гісторыю стварэньня кожнай песьні, падшпільваў астатніх удзельнікаў гурта, па-большасьці Ільлю Кубліцкага, “музейны экспанат”, які пасьля кожнай песьні старанна падстройваў сваю лютню.Дарэчы, што датычыцца музычных інструмантаў Старога Ольсы, то калектыў ня мае тыповых праблем з наладкай, яны хутчэй “сьвядома пакутуюць, каб перапакутаваць тое, што пакутавалі раней”, імкнучыся выкарыстоўваць аўтэнтычныя інструменты бяз пластыкавых дэталяў для больш дакладнай рэканструкцыі сярэднявечнага гучаньня. Цікава, што ўвесь юбілейны канцэрт мужчынская частка Старога Ольсы прысьвяціла прыгажуне Марыі Шарый – таленавітай дзяўчыне, якая здолела пратрымацца ў калектыве даўжэй за чатырох астатніх флейцістак разам узятых, і выглядала ў гэты вечар у сваім чароўным белым строі нібыта сапраўдная каралева балу. Карацей, нават пры адсутнасьці танцпляцу і камернасьці Палацу культуры атмасфера панавала даволі цёплая, сяброўская і непасрэдная.

Па заканчэньні канцэрту ўся зала ўзьнялася зь месцаў і грымнула гучнымі апладысментамі, гэта быў сапраўдны посьпех, і Стары Ольса, вытрымаўшы непрацяглую паўзу, выйшлі на біс і павіншавалі тых, хто разумее, аб чым гаворка, зь 500-годзьдзем славутай перамогі песьняй “Бітва пад Воршай”. Але нястомнай публіцы і гэтага было мала: прыхільнікі няспынна пляскалі ў далоні і жадалі працягу імпрэзы. Некаторыя пасьпяшаліся за рэчамі ў гардэроб, некаторым хапіла ўжо духоўнага ўзбагачваньня, ну а самых церпялівых чакаў сюрпрыз – неўзабаве Стары Ольса зьявіліся на сцэне на другі біс і напасьледак узарвалі Палац адвязнай нетыповай песьняй Aivislolop. Так, пад рыфы Nirvana ў старажытным аўтэнтычным гучаньні і захопленыя воклікі і авацыі, скончыўся справаздачны за 15 год, юбілейны канцэрт лепшага ў сваім напрамку сярэднявечнага гурта Стары Ольса, сапраўднага нацыянальнага здабытку, культурнага скарбу нашае Радзімы.

Наведала сьвяточную імпрэзу і яшчэ адзін новы журналіст BelMetal.org Палінка, якая вырашыла таксама падзяліцца з чытачамі сваімі ўражаньнямі:

“Мерапрыемства атрымалася нібыта камернае. І справа ня ў людзях, бо натоўпу было шмат, а ў нязвыклым фармаце канцэрту: месцы для сядзеньня, пачэсныя госьці сталага ўзросту, сапраўдны антракт… Ды і рэпертуар быў адпаведна падабраны – балады, эпас. Мне здавалася, што я прыйшла ў тэатр ці філармонію. Аднак гэта ж Стары Ольса! Таму хочаш ня хочаш, спрацавала цяглівая памяць, ногі запрасіліся ў скокі, і ўтрымлівацца на месцы было цяжка. І ўсё ж, каб не выбівацца з зададзенага фармату, я перемагла свае парывы і нават паслухала цікавасьці зь гісторыі роднай зямлі, якую калектыў Стары Ольса ўслаўляе сваёй творчасьцю ажно 15 гадоў. Як трапна заўважыў Зьміцер Сасноўскі, з боку гледжаньня чалавечага ўзросту гурт яшчэ падлетак. Але мы з вамі ведаем, што Стары Ольса – нашае ўсё. Галоўная музычная візітная картка нашае краіны, калі хочаце. А таму спадзяюся наведаць “Калядны фэст”, дзе Ольса будзе граць драйвовыя танцы, і можна будзе ня стрымліваць сябе і адбіць усе абцасы…”


А мне са свайго боку застаецца толькі яшчэ раз урачыста павіншаваць гурт Стары Ольса зь юбілеем, пажадаць далейшых творчых посьпехаў, бясконцых музычных адкрыцьцяў, невычэрпнага натхненьня і лёгкага руху струменям Ольсы па шырокім рэчышчы старажытных музычных традыцый.

Нагадваю, што пасьля менскай імпрэзы гурт выпраўляецца ў падарожжа зь юбілейнымі канцэртамі па рэгіёнах. Ужо 23 лістапада іх чакае Горадня, 13 сьнежня — Гомель, 25 сьнежня калектыў адыграе на «Калядным фэсьце» ў клубе Re:public, а далей — уважліва сачыце за афішай, магчыма, хутка Стары Ольса наведаецца і ў ваш горад!

Паводле belmetal.org
Тэкст: Насьця Quende
Фота: Арцём Mathula Табуноў

15-годдзе ў фотаздымках:
belmetal.org
ultra-music.com
budzma.by