Багародзіца
Вайсковы духоўны гімн 14-16 стст. Словы і музыка невядомага аўтара 13-15 стст. Словы беларускага варыянта “Багародзіцы” запісаны ў 1529 г. у Першым Статуце ВКЛ. Беларускі варыянт напісаны на змешанай царкоўнаславянска-старабеларускай мове. Музыка "Багародзіцы" – 1408 г. са “Зборніка лацінскіх казанняў”, складзенага Матэушам з Грохова (захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве – сігн. № 1619). Словы беларускага варыянта 1529 г. выкарыстаны без зменаў. Ніжэй пададзена напісанне паводле Статута ВКЛ 1529 г. (Архіў “Асалінэум”, Вроцлаў, Польшча). Для выканання абраны толькі 2 слупкі, у Статуце – 17 слупкоў. Тэкст у архіве скапіраваны і ласкава перададзены гурту “Стары Ольса” спадарыняй Ганнай Несцеравай. Першыя апісанні песні адносяцца да Грунвальда: на пачатку бітвы ўсё войска Літоўскае і Польскае заспявала “Багародзіцу”, а потым патрасаючы дзідамі рушыла ў бітву ("Хроніка" Яна Длугаша). "Багародзіца" спявалася перад бітвамі войскам ВКЛ, на цырымоніях і ўрачыстасцях, пры пахаванні і асвяшчэнні беларускіх святых, з 15 ст. перароблена палякамі, якія зрабілі яе гімнам і Кароны Польскай. З 15 ст. “Багародзіцу” называлі “Песняй Айчыны”, ужо тады яе лічылі вельмі старой. Наяўнасць вершаванага тэкста выразна адносіць “Багародзіцу” да гімнаў, а не да малітваў. “Багародзіца” заснавана на мелодыі песеннага складу, блізкага да народнага.
"Багародзіца" запісана гуртом "Стары Ольса" у двух варыянтах у альбоме "Скарбы літвінаў. Сярэднявечча" (2004) і "Гераічны эпас" (2006).
Богам славёна Марыя
Маці звалёна Марыя
Зычы нам і адпусці нам
Звыш галасы чалавечы мыслі пой
І даць рады цябе ж просім
Па жывоце дай райскі быт
Богам славёна Марыя