Тэксты, ноты

Рыцар Байда

Народная балада 16 ст.
Словы і музыка народныя. Словы паводле зборніка Аляксандра Рыпінскага "Białoruś. Kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji, o jego muzyce, śpiewach, tancach etc. ..." (Paryż, 1840), музыка са зборніка БНТ: Сацыяльна-бытавыя песні (Мн., 1987).
Аляксандр Рыпінскі і сучасныя даследчыкі лічаць, што прататыпам рыцара Байды паслужыў гетман Вялікага Княства Літоўскага Дзмітры Вішнявецкі (Павлій П.Д. Думи // Українська народна поетична творчість. – К., 1958. – Т.1.). Паводле польскай "Хронікі" Марціна Бельскага (ХVI ст.) Вішнявецкі вызначыўся ў сярэдзіне ХVI ст. удалымі паходамі на туркаў. Пасля ён трапіў у палон і прыняў пакутніцкую смерць – па загаду турэцкага султана быў павешаны за рабро на жалезны гак. Л. Салавей лічыць, што гэтыя падзеі і натхнілі невядомага народнага аўтара на стварэнне балады “Рыцар Байда” (А.І.Гурскі, Г.А.Пятроўская, Л.М.Салавей/ / Пазаабрадавая паэзія. - Мн., 2002).
У песні, як творы вуснай паэзіі, многія падзеі падаюцца ў змененым выглядзе. Рыцар Байда адмаўляецца ажаніцца з дачкой турэцкага цара, бо “яна паганачка, яе вера праклятая” (тут сустракаем падабенства антытурэцкіх матываў з песняй а Будзінскай бітве). У песні апавядаецца, што за абразлівую адмову турэцкі цар загадвае пакараць Байду тым страшным спосабам, што і рэальнага героя – на гак рабром. Але Байда помсціць – павешаны на гак, ён просіць свайго цюру (па-старабеларуску слуга) прынесці яму лук і стрэлы, страляе і забівае цара і царыцу. Свой учынак ён тлумачыць так: мужны рыцар Байда помсціць не за сваю смерць, а за абражаную рыцарскую годнасць, за ганебны спосаб пакарання. Ён кажа цару: лепш бы табе было мне, як рыцару, галаву зрубіць і ў гонар мяне з гармат страляць.
Адкрывальнік гэтай песні А. Рыпінскі лічыў, што яна насычана вельмі патрыятычнымі матывамі. На яго думку галоўная прычына адмовы Байды ў тым, што яму прапанавалі служыць чужому цару ў чужой краіне. Рыцар Байда паводле Рыпінскага не захацеў здрадзіць сваёй Радзіме і сваёй веры.
Вядома некаторая колькасць украінскіх варыянтаў балады, якія захоўваюць падабенства сюжэту з беларускім варыянтам. Цікава, што і ва ўкраінскім варыянце падзеі на пачатку разгортваюцца ў беларускім "Бярэстачку" - Брэсце. Прывязка да рэальнай гістарычнай асобы дазваляе датаваць баладу ХVI ст.

Дай у Слуцку на рыночку,                      
Да піў Байда гарэлочку;                        
Цар турэцкі да наяжджае,                   
Байду млодага намаўляе 
                       
“Ой ты Байда маладзюсенькі!                  
З цябе ж рыцар да слаўнюсенькі:             
Будзіш панам ты гаспадарам!                      
Вазьмі маю дачку царэўначку!”
                     
“Да твая ж дачка паганачка!                          
Яе ж вера да праклятая!…”                                 
Крыкнуў цар тут на сваі служкі,                    
На сваі служкі вярнюсенькі:
 
“Ой вазьміце ж Байду да й звяжыце,
На гак рэбрам перачапіце!”
Вісіць Байда, ні дзень, ні два,
Ні адну ночку, ні гадзіночку...
 
На дзень трэці праглядае,
Свайму цюру  прамаўляе:
“Ой ты цюра ты вярнюсенькі,
Падай ты лучок тугусенькі!”
 
Трафіў цара пасярод лаба
А царыцу у патыліцу;
"Вота ж табе турэцкаму цару
Да за слаўнага рыцара кару!
 
Лучшэ цар табе было галаву
Галаву с плеч Байдавых зняці;
І па Байдавай рыцара смерці
Ды з гармат ды з гармат страляці!"
Спампаваць ноты, акорды