Слова пахвальнае Георгію
Духоўны твор. Канец 14-пачатак 15 ст. Урывак са “Слова пахвальнага Георгію” выкарыстаны паводле Анталогіі Беларускай паэзіі (Т. 1. Мн., 1993). Транскрыпцыя беларускай фанетыкі праз напісанне выканана Змітром Сасноўскім.
Грыгорый Цамблак (1364 – 1419) – пісьменнік, культурны і царкоўны дзеяч, аўтар больш як 40 твораў розных жанраў (жыцій, пахвальных слоў, пропаведзяў, палемічных слоў і канонаў). Г. Цамблак паходзіў са знатнага балгарскага роду, вёў прапаведніцкую дзейнасць у манастырах Канстанцінопаля, Сербіі і Валахіі. На саборы беларуска-ўкраінскіх епіскапаў у 1415 г. быў абраны мітрапалітам ВКЛ, прымаў удзел у XVI Усяленскім Канстанцкім саборы каталіцкай царквы.
Г. Цамблак доўга жыў і працаваў у Беларусі ў Навагрудку. На беларускіх землях ён працягваў і развіваў традыцыі ўрачыстага красамоўства Кірылы Тураўскага. Абарона роднай веры і культуры, услаўленне нацыянальна-культурных дзеячаў ва ўмовах турэцкага нашэсця былі глыбока патрыятычным актам, узнімалі актуальнасць яго твораў.
Георгій Пераможца, якому прысвечана “Слова пахвальнае” – заступнік вояў, таму не выключана, што пахвала-малітва Георгію магла чытацца перад бітвамі беларускімі рыцарамі.
На землю храборскі таго нізвержэ
і ўсю яго супастатную сілу убежаці сатвары
І се ні шчытом, ні копьем, ні бронямі, ні шлемом
О сіла крэста!
Аружые вапалчаюцца, мечэве абнажаюцца
агонь прэціць, кола дерзаець.
Скары агнём ізвараемы суць,
інага цела са знаменьем крэсным ўся
прэпабеждаець!
Георгій, іжэ ў мучэніцэх светлы!
Георгій, ва бранех святлейшы храборнік!