Навіны
03.09.2020

Стары Ольса далучыўся да акцыі Нацыянальнае чытанне

Прэм’ера фільма адбудзецца 5 верасня у 15:00 у YouTube.
Narodowe Czytanie (Нацыянальнае чытанне) - грамадская акцыя, якая ладзіцца ў Польшчы з 2012 года і папулярызуе чытанне твораў польскай літаратуры. Уся краіна кожны год публічна чытае выбраны твор, а таксама ў СМІ. Да акцыі далучыліся і музыкі гурта "Стары Ольса" Марыя Шарый і Зміцер Сасноўскі.
 
 
Сёлета прагучыць драма Юльюша Славацкага "Баладына" у беларускім перакладзе Лявона Баршчэўскага ў фармаце фільма, дзе тэатралізаваныя фрагменты перамяжоўваюцца з чытаннем. Прэм’ера фільма адбудзецца 5 верасня у 15:00 на YouTube, а таксама ў Facebook.
 
"Баладына" была завершана ў снежні 1834 года, а выдадзена праз пяць гадоў у Парыжы. Драма паўстала ў эміграцыі падчас дыскусій пра прычыны нядаўняга разгрому лістападаўскага паўстання і дэбатаў аб агульнай гісторыі і будучым лёсе народа. Паэт злучыў у творы рэалізм і фантастыку, засяродзіўшыся на аналізе характараў і ўчынкаў герояў. Расказаная на фоне казачных падзей гісторыя пра дзвюх сясцёр Баладыну і Аліну стала вельмі папулярнай. Яна аказала вялікі ўплыў на нацыянальную культуру, а відовішчныя тэатральныя пастаноўкі натхнялі і захаплялі цэлыя пакаленні. Прага ўлады, павольнае ператварэнне ў сапраўднага злачынцу і зацятая барацьба дабра з ліхам з’яўляюцца асноўнымі матывамі трагедыі.
 
У чытанні ўзялі ўдзел акторы "Тутэйшага тэатра", супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага Інстытута, прадстаўнікі беларускага культурнага і навуковага асяроддзя, а таксама выкладчыкі польскай мовы і вучні. Праект ажыццяўляецца пад дэвізам "Літаратура без межаў" у межах дзейнасці Польскага Інстытута ў Мінску.