Зміцер Сасноўскі - гісторык, заснавальнік і музыка гурта «Стары Ольса». Аўтар кніг: «Гісторыя беларускіх музычных уплываў» (2009), «Музычная культура рыцарскага саслоўя ВКЛ і Каралеўства Польскага» (2010), «Гісторыя беларускай музычнай культуры» ў 2 тамах (2010, 2012).
У чым асноўная праблема гэтага гімна?
Дзякуючы Яну Длугашу (Jan Długosz, «Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae») мы ведаем, што «Багародзіцу» спявала ўсё польска-літоўскае войска перад Грунвальдскай бітвай 1410 г. Гэты гімн спявалі таксама перад іншымі бітвамі як баявую песню і народны гімн (Patrium carmen – песня Айчыны). Але! Да нас дайшоў варыянт, поўную мелодыю якога ў Сярэднявеччы мог выканаць толькі прафесійны музыка і толькі пасля рэпетыцый. Паслухаць яго можна тут.
Рыцар, гараджанін і селянін, не дасведчаныя ў культавым вакальным мастацтве, не маглі хорам выканаць такі складаны твор. Разгадкай можа быць версія, што існаваў больш просты і больш старадаўні варыянт.
А навошта было так ускладняць гімн?
Каб выкананне гімна стала манаполіяй духоўных асобаў, каб не дапусціць ерэтычнае сумеснае спяванне гімна ў стылі гусіцкіх харалаў, як гэта было перад Грунвальдскай бітвай.
«Багародзіца» – праваслаўны альбо каталіцкі гімн?
Гімн «Багародзіца» лічаць польскім каталіцкім гімнам, які спявалі перад бітвамі, на каранацыях польскіх каралёў і ўрачыстасцях у Польшчы. Але толькі беларускі варыянт «Багародзіцы» стылістычна адзіны на працягу ўсяго тэксту. Больш за тое, «Багародзіца» мае нязгоднасць з каталіцкай дактрынай. Гімн «Багародзіца» моцна звязана з візантыйскімі традыцыямі, утрымлівае шматлікія аналогіі з праваслаўнай літаратурай Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
Хто аўтар вершаў гэтага гімна?
Р. Мазуркевіч (R. Mazurkiewicz) прыйшоў да высновы, што польскі аўтар не мог напісаць вершы гэтага гімна, бо польская літаратура таго часу была значна ніжэйшага ўзроўню. Е. Варончак (J. Woronczak), Э. Астроўска (E. Ostrowska), Х. Фейхт (H. Feicht) таксама адзначалі, што паэтычнасць «Багародзіцы» вельмі перавышае ўзровень тагачаснай польскай паэзіі. Два старэйшыя слупкі песні ўключаюць словы і граматычныя формы, якія нідзе ў польскай літаратуры ні таго часу, ні пазней не сустракаюцца. Пры гэтым словы старэйшых слупкоў, якія польскія даследчыкі называюць унікатамі, альбо архаізмамі, натуральна тлумачацца з царкоўнаславянскай і старабеларускай моваў.
Ці мог нехта з праваслаўных прапаведнікаў напісаць вершы гімна?
Асаблівыя аналогіі тэалагічнага зместу «Багародзіцы» ўзнікаюць пры параўнанні яе з творчасцю Кірыла Тураўскага. Р. Мазуркевіч адмыслова адзначаў падабенства ідэй заступніцтва Марыі і Яна Хрысціцеля ў гімне «Багародзіца» з ідэнтычнымі матывамі ў Казаннях Кірыла Тураўскага. К. Тураўскі – найбуйнейшы паэт Усходняй Еўропы другой паловы ХІІ ст. Але найбольш важна, што К. Тураўскі быў бліскучым паэтам-гімнографам, за што ўжо сваімі сучаснікамі быў названы «другім Іаанам Златавустам». Падобную да гімна «Багародзіца» лексіку знаходзім у такіх творах К. Тураўскага, як «Слова ў нядзелю кветную», «Слова на Сабор», «Слова на Антыпасху» і інш.
Якія сувязі мае гімн «Багародзіца» са старабеларускай культурай?
У творы перакладной старабеларускай літаратуры канца ХV ст. «Пакуты Хрыста» відавочна падабенства плача Марыі-Маці з беларускімі народнымі галашэннямі, а менавіта з галашэннем маці над магілай сына. Гэта падштурхоўвае да думкі пра глыбінныя сувязі паміж старажытным мастацтвам галашэння і матывамі, закладзенымі ў гімне «Багародзіца». Акрамя гэтага прасочваецца заканамернасць у традыцыйным беларускім пакланенні жаночым боствам і ў шанаванні Багародзіцы. Можна выстраіць наступную паслядоўнасць: каменныя жаночыя стоды → сакральныя Мар’іны горы → паданні пра жанчынаў-вояў → народныя замовы са зваротамі да Божай Маці → «Жыціе святой Ефрасінні Полацкай» → папулярнасць абразоў Багародзіцы → Багародзіца на сцягах войска ВКЛ → гімн «Багародзіца».
Ці можна сфармуляваць гіпотэзу аб этапах стварэння гэтага гімна?
1. У ХІІ ст. была створана вялікая малітва на царкоўнаславянскай мове ў гонар Марыі, аўтарам якой, верагодна, быў Кірыл Тураўскі. Гэтая малітва ў самым пачатковым выглядзе ўжо была прыдатная да сярэднявечнай меладычнай дэкламацыі.
2. У ХІІІ ст. невядомы аўтар Хваласпеваў у гонар Е. Полацкай, а ў ХІV ст. мітрапаліт Грыгорый Цамблак стварылі рыфмаваныя версіі малітвы, якія можна было выконваць на гімнавыя мелодыі. На зліцці традыцыйнага шанавання жаночага пачатку і праваслаўнага пакланення Багародзіцы такі архаічны протагімн пашырыўся і трапіў у вышэйшыя пласты грамадства ВКЛ.
3. Разам з прыдворнымі музыкамі караля Ягайлы (Jagiełło) протагімн у гонар Марыі прыехаў з ВКЛ у Кракаў. Тут прыдворны праваслаўны музыкант, прывезены з ВКЛ, пазнаёміўся з традыцыяй заходняй гімнатворчасці. Праваслаўны літвін у супрацоўніцтве з польскім прыдворным музыкантам, дасведчаным у традыцыі нямецкіх і французскіх духоўных гімнаў, паклалі малітву Марыі на простую запамінальную мелодыю, каб вялікая колькасць людзей, неабазнаных у выкананні культавых гімнаў, магла яе сумесна выконваць. У такім простым і размераным выглядзе гімн «Багародзіца» хутка пашырыўся, стаў духоўным сімвалам дынастыі Ягелонаў, патрапіў у рыцарскае асяроддзе, у выніку чаго на Грунвальдскім полі перад бітвай яго спявала ўсё войска. Такую архаічную версію «Багародзіцы» аднавіў гурт «Стары Ольса».
Поўную версію даследавання «Загадка гімна “Багародзіца”» чытайце тут.
Чытаць на рускай мове
Чытаць на ангельскай мове