Тэксты, ноты

Грунвальдская бітва 1410 г.

Вершаваная аповесць 1582 г.
Словы Мацея Стрыйкоўскага, "Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi" ("Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі"), 1582 г., пераклад з польскай мовы А. Дзітрыха. Музыка народная са зборніка БНТ: Балады (Кн. 1. Мн., 1977). У "Хроніцы" М. Стрыйкоўскага назва гучыць так: “Пра слаўную вайну і слаўную бітву Ягайлы і Вітаўта з прускімі крыжакамі і князямі Нямецкага рэйху ў 1410 годзе.” Адаптацыя тэкста да мелодыі выканана Змітром Сасноўскім.
Мацей Стрыйкоўскі (1547–1593) – адзін з найбольш вядомых гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст. Пасля вучобы ў Кракаўскім універсітэце прыехаў у Беларусь. Прафесійны ваенны, служыў ў Віцебскім і Слуцкім гарнізонах, спалучаў рыцарскі побыт (войны, паходы, бітвы) і напісанне патрыятычных вершаваных твораў па гісторыі Рэчы Паспалітай. Найбольш вядомыя з іх: “Ганец цноты...”, “Пра вольнасці Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага”, хроніка “Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага” (прысвечаная князю Юрыю Слуцкаму). Аднак найбольшую славу як гісторыку і паэту прынесла Стрыйкоўскаму “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” – першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Каштоўнасць "Хронікі" ў тым, што яе аўтар з’яўляўся відавочцам многіх апісаных ім войнаў і асабістым удзельнікам многіх бітваў.

Слаўлю адвагу, ваяроў сармацкіх
Што пасеклі ў бітве рыцараў крыжацкіх
Што пасеклі ў бітве рыцараў крыжацкіх
 
Меўся ордэн ўсю Літву з Польшчай зруйнаваці
Прагнуў права сваё нам гвалтам навязаці
Прагнуў права сваё нам гвалтам навязаці
 
Таму варта хутка на вайну збірацца,
Каб на прускіх землях з ворагам спаткацца
Каб на прускіх землях з ворагам спаткацца
 
Гвалт крыжацкі супыніць ды уласнай сілай
Славу-волю нам здабыць для Айчыны мілай
Славу-волю нам здабыць для Айчыны мілай
 
Войскі ўсе выйшлі і хутчэй памчалі
Ды ля Грунэвальда станы пастаўлялі
Ды ля Грунэвальда станы пастаўлялі
 
Нашы Багародзіцу, немцы Dasticht завялі
Ды з гарматаў грукат-трэск гучна распачалі
Ды з гарматаў грукат-трэск гучна распачалі
 
Так літвіны смела з крыкамі нясуцца
А пад імі коні бакамі б’юцца
А пад імі коні бакамі б’юцца
 
Смела з літвай Вітаўт рэй вядзе-трымае
І натхняе крыкам, шэрагі раўняе
І натхняе крыкам, шэрагі раўняе
 
Шалёна, мужна з гуфам гуф сячэцца
Як мядзведзь раз’юшаны, што на злом нясецца
Як мядзведзь раз’юшаны, што на злом нясецца
 
Твар да твару сеча йдзе, немцы нас змагаюць
А ж літва з татарамі з лукаў іх накрываюць
А ж літва з татарамі з лукаў іх накрываюць
 
Страшны хруст, звон, грукат, гром ідзе ад зброі
Горлы ў крыку лютым пазрывалі воі
Горлы ў крыку лютым пазрывалі воі
 
Шум і звон ад зброі далятае страшна,
Сонца ў небе плыве залаціста-ясна
Сонца ў небе плыве залаціста-ясна
 
Прускіх дзесяць комтураў там важнейшых легла    
Кроў струменем ліецца, немчура пабегла
Кроў струменем ліецца, немчура пабегла
 
Нашы колюць, рэжуць, б’юць, волю зброі даўшы
Ды палоняць комтураў, рукі ім звязаўшы
Ды палоняць комтураў, рукі ім звязаўшы
 
Дзідамі там немцаў, у хрыбты калолі
Ды вантробы люта ім з жыватоў паролі
Ды вантробы люта ім з жыватоў паролі
 
Нашы моцна, смела гуф нямецкі  білі
Як ваўкі пад кустам, кнехты галасілі
Як ваўкі пад кустам, кнехты галасілі
 
Колькі міль за ворагам нашы воі мчалі
Немцы леглі, як трава зброю пакідалі
Немцы леглі, як трава зброю пакідалі
 
Хутка вестку добрую нашы людзі мелі
І паветра і зямля ад імшы дрыжэлі
І паветра і зямля ад імшы дрыжэлі
 
Ўдзячна па касцёлах Te deum завялі
І ў Літве і ў Польшчы Бога праслаўлялі
І ў Літве і ў Польшчы Бога праслаўлялі.
Спампаваць ноты, акорды