Пахвала Вітаўту
Панегірычны твор 1430 г.
Словы ананімнага аўтара 15 ст., тэкст паводле летапісу Рачынскага ("Полное собрание русских летописей", Т. 35, Масква, 1980), музыка народная са зборніка БНТ: Балады (Кн. 1. Мн., 1977). Тэкст ласкава перадаў гурту “Стары Ольса” гісторык Эдвард Зайкоўскі. Твор выкарыстаны ў скарочаным адаптаваным выглядзе. Транскрыпцыя беларускай фанетыкі праз напісанне і адаптацыя тэкста да мелодыі - Зміцер Сасноўскі.
"Пахвала Вітаўту" – помнік беларускай панегірычнай прозы XV ст., які быў створаны ў 1430 г. у Смаленску ў асяроддзі мясцовага епіскапа Іосіфа. Пахвала напісана ў той час, калі яе галоўны герой быў у зеніце славы і нават збіраўся прымерыць каралеўскую карону. У творы ўслаўляецца князь Вітаўт як мудры, усемагутны, з вялікім міжнародным аўтарытэтам валадар, сцвярджаецца погляд на ВКЛ як на галоўны цэнтр аб’яднання ўсходнееўрапейскіх земляў. Ідэйна-творчыя задачы, якія стаялі перад аўтарам, прадвызначылі змест і характар выкладу, урачыста-узнёслы стыль, прыкметную кніжна-славянскую афарбоўку мовы.
Вітаўт княства дзержаў
Літоўскае і Рускае
І іныя землі многіе
Вітаўт к себе прызваў
Караля Якгейла Польскага
Ды і Цэзара Рымскага
Караля угерскага
Князя велікага цверскага
І паслы князя рэзанскага
Прускага інфлянскага
І паслы ад іншыя землі
Ды вялікія паслы былі
Влахаў ваеводы
Ад Вяліка Новагорада
І прыйшлі паслы ад Пскова
Ў князя мешкалі
Тагды Цэзар Рымскі
З Вітаўтам у міласці былі
Тыя госці частаваў
Дараваў размаітымі
Дарамі каштоўнымі
Вітаўта слаўнага
Іж не можэць выпісаці
І о дарэх і о чэсці
Або і на западзе
Кланяліся землі князю
Велікаму князю Вітаўту
І царагародскі
Былі ў ласцэ з Вітаўтам
З сільным ды гаспадарам
Ўгорскае і Польскае
Тэж дзержалі чэсць вяліку
Слаўну гаспадару Вітаўту
Па ўсім землям слаўны
І цары і многія князі
У двару его служылі.