Тэксты, ноты

Песнь а Будзінскай бітве

Вайсковая песня 1686 г.
Словы ананімнага аўтара, тэкст змешчаны ў заходнеўкраінскім зборніку Й. Сабава 1686 г., мае рэмарку “Песнь военска”. Мова песні змешаная - старабеларуска-польская, жывая мова беларускай шляхты XVII ст. Падаецца ў скарочаным варыянце. Музыка народная са зборніка БНТ: Сацыяльна-бытавыя песні (Мн., 1987). Адаптацыя тэкста да мелодыі - Зміцер Сасноўскі.
Будзінская бітва адбылася ў Венгрыі ў 1676 г. Будзін – беларуская назва адной з частак сучаснага Будапешта, які раней складаўся з 2 гарадоў – Буда і Пешт. К сярэдзіне XVII ст. Асманская імперыя падначаліла ўсе Балканы і дайшла да Венгрыі. Быў абвешчаны крыжовы паход за вызваленне хрысціянскіх земляў ад мусульман (у песні "паганых"). У паходзе ўдзельнічалі аўстрыйскія, чэшскія, польскія войскі і войска ВКЛ. Песня прысвечана штурму Буды (Будзіна) аб’яднанымі хрысціянскімі войскамі і вызваленню ад туркаў.
У песні выразна супрацьпастаўляецца “меч хрысціяньскі” і “народ паганьскі”. У жорсткіх формах распавядаецца, як білі, палілі, секлі і калолі туркаў, не “фалгуючы” (не беручы ў палон) нікога. "Вінеты" – зборная назва славян. "Канстанцін-Поле" – Канстанцінопаль (на той час ужо Стамбул). Хрысціяне спадзяваліся дайсці да яго і вызваліць з-пад улады туркаў, што, аднак, не ўдалося. "Прэчыста Панна" – славуты абраз Маці Божай у Сафійскім Саборы Канстанцінопаля, якому марылі памаліцца вызваліцелі (на той час Сафійскі сабор ужо быў пераўтвораны ў мячэць). “Панна чыстая нехай туркаў загладзіць” – хай Маці Божая туркаў знішчыць.

Весела навіна прыйшла ад Будзіна.
Веселіцеся, людзе!
Рукі узнасіце, а Бога прасіце,
Нех навекі так будзе.
 
Слаўныі княжата, многіі панята
Пад Будзін кгды стаялі,
Моцныі вінеты там сваі наметы
І з інымі расцілалі.
 
Же меч хрысціяньскі на народ паганьскі
Моцно ся наганяець,
Із угорскіх даўных, із горадоў слаўных,
Як псоў, іх выганяюць.
 
Бо юж турчына з слаўнага Будзіна
Мечэм его выганялі.
Там доўга стаялі, с кроўю яго ўзялі,
А туркаў ўсіх пасціналі.
 
Кгдзе ся увалілі, як огнем палілі
Туркаў у Будзіне,
Усіх забівалі, а не фолкговалі
Не меньшой дзіціне.
 
Юж турчэска горэ чуці аж за морэ –
Туркі у Будзіне
Юж павынішчэны, мечэм пасечэны,
Пабіты як свіне.
 
А Божая воля: да Канстанцін-Поля
Права прэдстануць,
Прэд прэчысту Панну, а Панна чыстая
Нехай туркаў загладзіць.
 
Весела навіна прыйшла ад Будзіна.
Веселіцеся, людзе!
Рукі узнасіце, а Бога прасіце,
Нех навекі так будзе.
Спампаваць ноты, акорды