Альбомы

Музыка Вялікага Княства Літоўскага. Зборнік

2007
Слухаць
Тэматычны зборнік з серыі "Беларуская музычная калекцыя". Серыя задумана яе заснавальніцай Арынай Вележ (Вячорка) як 12 музычных альбомаў абяднаных агульнай ідэяй - лепшае са старадаўняй і сучаснай класічнай і фальклорнай музыкі. "Беларуская музычная калекцыя" вынікла пасля альбомаў-зборнікаў "Легенды Вялікага Княства" (2001, 2002) і "Старажытная зямля" (2005), ініцыятаркай якіх таксама была Арына. Зборнік "Музыка Вялікага Княства Літоўскага" распачаў серыю, стаў першым яе выданнем. Арына была заснавальніцай сучаснага рыцарскага руху ў Беларусі і кіраўніцаю рыцарскага клубу "Вялікае Княства", арганізатаркай дзіцячага летніку "Грунвальд", першага рыцарскага турніру ў Лошыцкім парку, першых выправаў на турніры ў Польшчу і Чэхію. Арына пазнаёміла музыкаў "Старога Ольсы" паміж сабой і была першай прадзюсаркай гурта. Ладзіла дзясяткі канцэртаў старадаўняй і фальклорнай музыкі, адраджала беларускае школьніцтва.
 
Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) - манархічная ўсходнееўрапейская дзяржава XIII-XVIII стст., геапалітычным цэнтрам якой з'яўляліся заходнебеларускія землі, большую частку свайго існавання правяло ў саюзе з Польшчай, у XIV-XVI стст. ВКЛ дасягнула найбольшага росквіту і ахоплівала землі ад Балтыйскага да Чорнага мораў (акрамя беларускіх земляў тэрыторыя ВКЛ уключала землі жамойтаў, украінцаў і часткова латышоў), мастацтва ВКЛ было шматканфесійным і творча перажывала ўсе еўрапейскія культурныя плыні, дзяржаўнай мовай служыла старабеларуская, старабеларуская (літоўская) шляхта была дзяржаватворчым пластом грамадства, асноўную дэмаграфічную нагрузку несла старабеларуская народнасць (таму ў XIV-XVIII стст. адносна беларусаў ўжывалі палітонім літвіны).
 
Зборнік складзены паводле старабеларускіх гістарычных матэрыялаў і прэзентуе асноўныя часткі музычнай культуры ВКЛ: рыцарскі эпас (песні рыцараў і шляхты), камерную музыку (творы прыдворных музыкаў), духоўную музыку (рэлігійныя гімны і псальмы), народную музыку (фальклор) і гарадскую музыку (танцы са зборнікаў XVI ст.). Усе творы грунтуюцца на гістарычных крыніцах, іх рэканструкцыя мае навуковы падмурак. Пры выкананні выкарыстаны копіі інструментаў XV-XVIII стст.: беларускія дуды, лютні, шалмеі, гуслі, колавая ліра, барабаны і інш.